Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што публічная падтрымка Анкарой Азербайджана ў нагорна-карабахскім канфлікце з'яўляецца заклікам да вайны.

Лаўроў зрабіў гэтую заяву, знаходзячыся ў Арменіі. «Я лічу, што заявы, якія прагучалі з вуснаў турэцкага кіраўніцтва, з'яўляюцца абсалютна непрымальнымі па адной простай прычыне: гэта былі заклікі не да міру, а да вайны. Гэта былі заклікі да вырашэння канфлікту сілавым шляхам», — сказаў ён.

Пазней у пятніцу на сустрэчы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам Лаўроў заявіў, што вяртацца за стол перамоваў канфліктуючым бакам пакуль рана.

«Сітуацыя павінна трохі супакоіцца, і людзі павінны супакоіцца», — цытуе Лаўрова Інтэрфакс.

Міністр заклікаў вырашыць канфлікт палітычным, а не ваенным шляхам.

3 красавіка прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што «да канца» будзе падтрымліваць Азербайджан у канфлікце.

«Мы молімся за тое, каб нашы азербайджанскія браты перамаглі ў гэтых сутыкненнях», — гаварылася ў афіцыйнай заяве турэцкага прэзідэнта.

У пачатку красавіка абстаноўка ў Нагорным Карабаху нечакана абвастрылася. Арменія і Азербайджан паведамілі аб абстрэлах і знішчанай жывой сіле і ваеннай тэхніцы. Канфлікт перарос ва ўзброеныя сутыкненні, якія бакі называюць самымі маштабнымі за апошнія 22 гады.

Да 5 красавіка бакі змаглі ізноў усталяваць перамір'е. Цяпер на лініі судакранання армянскіх і азербайджанскіх войскаў ваенныя дзеянні спыненыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?