У Бразіліі ў межах кампаніі па барацьбе з вірусам Зіка ўсталявалі білборды, што знішчаюць камароў.
Як паведамляе N+1, білборды пад назвай «Mosquito Killer» былі створаныя рэкламнымі агенцтвамі Posterscope і NBS. Два шчыты, устаноўленыя ў Рыа-дэ-Жанейра, падсвятляюцца флуарэсцэнтнымi лямпамі і вылучаюць вуглякіслы газ і раствор малочнай кіслаты, тым самым імітуючы дыханне і пот чалавека. Камары, якія падлятаюць да білбордаў, зацягваюцца ўнутр з дапамогай спецыяльнага механізму, пасля чаго, па словах стваральнікаў, паміраюць праз абязводжванне.
«Mosquito Killer» можа прыцягваць камароў у радыусе да 2,5 кіламетраў. Кампаніі выклалі ў адкрыты доступ дэталі сваёй распрацоўкі, так што падобны шчыт можна будзе стварыць і ў іншых гарадах.