Беларусі не патрэбная атамная станцыя, заявіў эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, выступаючы 22 красавіка ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па беларускай атамнай энергетыцы.

Паводле яго слоў, рашэнне будаваць АЭС прымалася ва ўмовах высокіх коштаў на нафту і газ і энергетычных спрэчак з Расіяй.

«Рускія тады прадавалі нафту па 420 долараў за тону, а мы куплялі ў Венесуэлы па 800, — сказаў эканаміст. — Тады будаўніцтва расцэньвалася як своеасаблівы выклік Расіі і адмова ад расійскага ўплыву на беларускую энергетыку».

Пры цяперашніх цэнах на нафту пытанне будаўніцтва станцыі ўжо не актуальнае, лічыць Заіка.

«Рашэнне было памылковым, і пра гэта трэба гаварыць», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што Астравецкая АЭС — «чыста расійскі праект», дзе Беларусь нічога не вырашае.

У размове з журналістамі эканаміст заявіў пра неабходнасць сыходзіць ад мыслення вялікімі маштабамі, як гэта было ў часы, калі Беларусь была часткай вялікай дзяржавы.

«У свядомасці палітыкаў засталіся павялічаныя маштабы — вялікія станцыі, вялікія прадпрыемствы. Але Беларусі патрэбная не атамная станцыя, а малая энергетыка, — растлумачыў ён. — Гэта лепшы варыянт развіцця энергетычнай бяспекі краіны».

На думку Заікі, у Беларусі трэба стварыць такую сістэму, пры якой уласнымі сістэмамі ацяплення і энергазабеспячэння былі б забяспечаныя як асобныя кватэры, так і цэлыя прадпрыемствы. «Гэта канцэпцыя будучага, так званая эканоміка ведаў, тут ёсць перспектывы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?