Еўрасаюз застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, надаючы вялікае значэнне супрацоўніцтву з краінай і яе народам. Пра гэта заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Андрэа Віктарын на канферэнцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці 23 красавіка ў Мінску.

Паводле яе слоў, за апошнія два гады былі зробленыя некалькі крокаў да паляпшэння супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. У прыватнасці, пачаліся перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, аднавіўся дыялог па правах чалавека, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праграме ЕС «Усходняе партнёрства».

Віктарын таксама назвала важнай «канструктыўную ролю» Беларусі ў сваім рэгіёне, яе спрыянне рэалізацыі мінскіх пагадненняў. Акрамя таго, паводле яе слоў, вызваленне палітвязняў стала крокам, якога даўно дамагаўся ЕС, а прэзідэнцкія выбары 2015 года «прайшлі без гвалту».

Гэтыя крокі, зазначыла Віктарын, прывялі да таго, што Еўрасаюз ад пачатку прыпыніў, а затым і наогул адмяніў санкцыі ў дачыненні да большасці з тых, хто быў у «чорным спісе» ЕС.

У той жа час, сказала яна, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «працягвае заставацца прадметам заклапочанасці». «Мы перакананыя, што адносіны ЕС — Беларусь павінны быць заснаваныя на агульных каштоўнасцях, сярод якіх — выкананне правоў чалавека», — падкрэсліла яна.

Віктарын зазначыла, што ў Беларусі сёлета адбудуцца парламенцкія выбары, звярнуўшы ўвагу на тое, што ЕС заклікае ўлічыць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу, зробленыя па выніках прэзідэнцкіх выбараў. «У гэтым кантэксце важная рэабілітацыя былых палітвязняў, аднаўленне іх у палітычных і грамадзянскіх правах, а таксама рэалізацыя на практыцы свабод палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і СМІ», — заявіла яна.

Віктарын звярнула ўвагу на тое, што яшчэ адным пытаннем занепакоенасці ЕС з'яўляецца ўжыванне ў Беларусі смяротнай кары. «Мы перакананыя, што ніхто не мае права забіраць чужое жыццё. Менавіта таму мы прапануем увесці мараторый на ўжыванне смяротнай кары», — сказала кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза. Гэтая праблема, паводле слоў Віктарын, будзе абмяркоўвацца на чарговым раўндзе перамоваў па правах чалавека, які адбудзецца ў чэрвені ў Мінску.

У канферэнцыі «Развіццё нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі», арганізатарам якой з'яўляецца Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, удзельнічаюць прадстаўнікі каля 70 грамадскіх арганізацый. Асноўныя задачы канферэнцыі — вызначыцца з тэматычнымі напрамкамі ў дзейнасці БНП і прыняць Стратэгічны план на 2016—2018 гады. Палітычная мэта канферэнцыі — прыняцце «Дарожнай карты супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і беларускіх НДА».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?