Піяр‑менеджэр, кіраўнік савета дырэктароў кампаніі «Чайм Камьюнікейшнз» лорд Цімаці Бел чакае, што «пытанне аб кантракце з беларускім прэзідэнтам можа быць вырашана ў бліжэйшыя некалькі тыдняў». Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН.

Лорд Бел пацвердзіў інфармацыю аб тым, што накіраваў у Мінск праграму дзеянняў, аднак адмовіўся каментаваць як саму праграму, гэтак і магчымы кантракт з беларускім бокам. «Звычайна я не паведамляю прэсе аб сваёй працы», — заявіў піяр‑менеджэр.

Нагадаем, што 13 сакавіка Цімаці Бел сустракаўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, гэта быў «прыватны дзелавы візіт». Пасля сустрэчы лорд Бел паведаміў журналістам, што яго кампанія працуе ў многіх краінах свету «над выбудовай іміджу». Паводле яго слоў, на інфармацыйных інтэрнет‑рэсурсах вельмі шмат «двудушных і крывадушных каментарыяў» у дачыненні да Беларусі. «Чакаецца сур’ёзная праца, каб гэта выправіць», — сказаў Ц.Бел. Галоўнае, падкрэсліў ён, каб інфармацыя, што адлюстроўвае становішча спраў у краіне, была справядлівай і адпавядала рэчаіснасці.

У пачатку красавіка ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Ц.Бел накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі ліст з прапановамі па паляпшэнні іміджу краіны. Аднак у адміністрацыі гэтыя звесткі не пацвердзілі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0