Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выключыў магчымасьць выкарыстаньня амэрыканскіх сухапутных сіл у Сырыі, заявіўшы, што праблемы гэтай краіны немагчыма вырашыць толькі вайсковымі мэтадамі.

«Гэта было б памылкай для ЗША ці для Вялікабрытаніі… паслаць наземныя войскі і скінуць рэжым Башара Асада», — заявіў Барак Абама ў інтэрвію Бі-бі-сі.

Ён таксама прызнаў, што сілам кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША ня ўдасца перамагчы групоўку «Ісламская дзяржава» за наступныя дзевяць месяцаў, якія ён будзе заставацца на прэзыдэнцкай пасадзе.

«Мы можам толькі звузіць зону іх дзеяньняў», — сказаў Абама.

Барак Абама, які наведаў Вялікабрытанію з трохдзённым візытам, прызнаў, што ў Сырыі склалася «душаразьдзіральная сытуацыя велізарнай складанасьці».

«Аднымі толькі вайсковымі мэтадамі, у тым ліку, вядома, і разгортваньнем там нашых сухапутных войскаў, доўгатэрміновыя праблемы ў Сырыі ня вырашыць», — заявіў Абама.

Ён паабяцаў, тым ня менш, што ўзначаленая Злучанымі Штатамі кааліцыя будзе працягваць наносіць паветраныя ўдары па баявіках групоўкі «Ісламская дзяржава» у Раццы і ў іншых яе асноўных апорных пунктах.

Кааліцыя, паводле яго слоў, таксама будзе імкнуцца ізаляваць раёны, якія знаходзяцца пад кантролем ІДзІЛ, і блякаваць тыя часткі краіны, адкуль экстрэмісты накіроўваюць замежных баевікоў у Эўропу.

Па зьвестках міжнародных арганізацый, прынамсі чвэрць мільёна чалавек загінулі ў ходзе пяцігадовага канфлікту ў Сырыі, мільёны мясцовых жыхароў сталі ўцекачамі, пакінуўшы свае дамы ў зоне баявых дзеяньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?