«Каларада Эвэланш» Руслана Салея прайграла ўсе чатыры матчы «Дэтройту Рэд Ўінгз» чвэрцьфінальнай сэрыі за Кубак Стэнлі.

Гэтай ноччу «лавіны» саступілі ўвогуле з разгромным лікам 2:8. Самае цікавае, што ўсе шайбы за «чырвоныя крылы» правялі швэдзкія легіянэры. У фінале Заходняй канфэрэнцыі "Дэтройт" згуляе зь пераможцам пары "Далас" -- "Сан-Хасэ". Пакуль "Далас" вядзе ў сэрыі 3:1.

Салей у матчы адзначыўся галявой перадачай. Такім чынам, на рахунку беларускага абаронцы «Каларада» ў гэтым плэй‑оф пяць пунктаў (шайба + чатыры перадачы). Дарэчы, апошняя гульня з «Дэтройтам» стала пяцідзесятай для беларускага легіянэра ў Кубку Стэнлі.

Цяпер Руслан Салей пры жаданьні можа далучыцца да нацыянальнай зборнай, якая ўжо заўтра стартуе на чэмпіянаце сьвету матчам з Швэцыяй.

Чакаюць у зборнай і братоў Касьціцыных з Міхаілам Грабоўскім. Калі іхны «Манрэаль» прайграе ў суботу «Філядэльфіі», то хакеісты таксама пасьпеюць далучыцца да нацыянальнай каманды яшчэ на першым этапе першынства сьвету.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0