Былы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч працягвае выдаваць кнігі. Раней былі апублікаваныя ягоныя ўспаміны «Спакуса ўладай» і «Белавежскі гамбіт». Новая кніга называецца «Ці любім мы Расію?». У назве прадугледжваецца пытанне, але ўсе 500 старонак аўтар паслядоўна даводзіць, што праўдзівы, справядлівы і гістарычна дакладны адказ можа мусіць толькі адзін: «Так!»

Кніга выглядае як пераказ гісторыі Беларусі з каментарамі Кебіча. Непаслядоўны, дрэнна структураваны, з тэндэнцыйным падборам фактаў і тэрміналогіяй нібыта з праграм Дзмітрыя Кісялёва.

Прыводзім захапляльныя вытрымкі з кнігі. 

«Супраць Расіі і тых рэспублік, што цягнуцца да яе, разам з санкцыямі, якія закліканыя абяскрывіць іх эканоміку, вядзецца масіраваная псіхалагічная апрацоўка насельніцтва … Развал СССР і нацыялістычная вакханалія ды русафобія, якія апанавалі значную яго тэрыторыю, – вынік псіхалагічнай вайны і інфармацыйнага абалваньвання мільёнаў людзей».

* * *

«Карыстаючыся свабодай слова і некаторай паблажлівасцю з боку дзяржавы, беларускія нацыяналісты ўжо ў адкрытую называюць расіян не іначай як каланізатарамі».

* * * 

«У выніку прапагандысцкай вакханаліі … улады адмовіліся ад устаноўкі помнікаў Вользе і Аляксандру Неўскаму. Узамен ім і з’явіўся помнік Альгерду … А каб яго беларускасць ні ў кога не выклікала сумневаў, узялі і злёгку падкарэктавалі імя князя — замест «Ольгерда» назвалі «Альгердом».

* * *

«Імкнучыся зганьбіць імя выбітнага палкаводца, беларусісты пайшлі на адкрытую хлусню … Называючы Аляксандра Суворава катам беларускага народа, патрабуючы знесці ўстаноўленыя яму помнікі, зачыніць музей, перайменаваць сувораўскую вучэльню, апазіцыя нічым не пацвярджае нібыта здзейсненыя ім злачынствы. Атрымліваецца, што адзінай яго віной з’яўляецца падаўленне паўстання Тадэвуша Касцюшкі».

* * *

«Нацыяналісты тлумачаць сітуацыю вельмі проста: заняпад беларускай мовы — вынік гвалтоўнай русіфікацыі, якая праводзілася ўсе 70 гадоў савецкай улады. Пры гэтым ніякіх доказаў не прыводзіцца. У 1920-ыя камісары, вядома ж, праводзілі харчразвёрстку, выкалачваючы з сялянаў апошніх хлеб, ссылаючы іх у Сібір. Але вось каб яны з пісталетам у руках прымушалі людзей размаўляць па-руску, не магу паверыць».

* * * 

«Не было гвалтоўнай русіфікацыі! Хутчэй наадварот, рэалізуючы нацыянальную праграму, савецкая ўлада імкнулася падтрымліваць мовы карэнных народаў».

* * * 

«Вярхоўны савет БССР прыняў Закон аб мовах, у адпаведнасці з якім беларуская мова была абвешчаная дзяржаўнай … Атрымаўшы такую прававую аснову, Беларускі народны фронт павёў масіраваную атаку на рускую мову. Па прыкладзе іншых краін ад чыноўнікаў сталі патрабаваць размаўляць на нацыянальнай мове, тых, хто адмаўляўся рабіць гэта, публічна бэсцілі… Калі б справа пайшла так і далей, напэўна, неўзабаве пачалі б даносіць на тых, хто ў грамадскіх месцах размаўляе па-руску! Гэта зусім не трызненне, як можа падацца».

* * *

«Тэрмін «Беларусь» з’яўляецца паланізаваным варыянтам спрадвечнага наймення «Белая Русь».

* * *

«Землі, далучаныя да Расіі па жаданні народаў, якія іх насялялі — Башкірыя, Казахстан, Грузія, Арменія, Тува, Асеція, Украіна».

* * *

«Паўсюль і ва ўсе часы знаходзяцца псіхічна нездаровыя людзі, якія аб’яўляюць сябе напалеонамі і іншымі дыктатарамі … Біяграфіі старшыняў Рады БНР не пакідаюць сумневаў — усе гэтыя людзі былі перакананымі антысаветчыкамі і іх сапраўдныя мэты далёкія ад тых, што заяўляюць яны, знаходзячы пад пратэктарам заходніх спецслужб».

* * *

«Беларускі народ ганарыцца тым, што яму давялося быць «запаведнікам сацыялізму», захавальнікам вечных маральных каштоўнасцяў. Надыдзе той дзень, я ў гэтым не сумняюся, калі да гэтай жыватворнай крыніцы прытуляцца ўсе тыя, хто, адурманены міязмамі капіталізму, паспяшаўся адрачыся ад савецкага мінулага».

* * *

«Асцерагацца прыходу «рускага свету» ў Беларусь няма ніякага рэзону. Ён даўно ўжо тут. У нашых думках. У нашых душах. У нашым ладзе жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?