Заўтра Беларусь пакідаюць 11 амэрыканскіх дыпляматаў. На першы погляд, звышдзяржава скарылася перад маленькай, але гордай рэспублікай. Аднак наўрад ці гэта насамрэч так.

Фармальна Белы дом абверг інфармацыю Асашыэйтэд Прэс пра рашэньне пайсьці на закрыцьцё абедзьвюх амбасадаў. Ня думаю, аднак, што карэспандэнты АП кепска мыюць вушы :) Дый ня кожны дзень Вашынгтон фактычна рве стасункі зь нейкай краінай. Таму, думаю, журналіст тройчы перапытаў бы чыноўніка дзярждэпу, перш чым даваць такую нататку.

Напрошваецца вэрсія, што мела месца наўмыснае зьліваньне інфармацыі пра намер зьдзейсьніць такі вось радыкальны крок. Іншая рэч, што закрыцьцё амбасадаў ёсьць плянам "Б". Выцечка інфармацыі пра гатовасьць яго ажыцьцявіць грунтавалася на псыхалягічным разьліку: ацьверазіць! Мяркуючы па ўсім, разьлік даў першапачатковы плён. Як вынікае з тлумачэньняў амэрыканцаў, рашэньне зачыніць сваю амбасаду і, адпаведна, папрасіць з Вашынгтону ды Нью-Ёрку рэшту беларускіх дыпляматаў было прыпыненае ў выніку нейкіх апэратыўных кантактаў на дыпляматычным узроўні.

"Зараз ня йдзе гаворка пра вяртаньне да сытуацыі пачатку сакавіка, — мяркуе палітоляг Валер Карбалевіч. — Нават дзеля таго, каб замарозіць сытуацыю, бакам патрабуюцца немалыя высілкі".

У прыватнасьці, цяпер Амэрыка патрабуе вызваленьня ўжо трох палітвязьняў. Пры тым што і аднае "праблемы Казуліна" было дастаткова, каб у Менску хто-кольвек закусіў цуглі.

Разам з тым, манэўры Вашынгтону сьведчаць, што эскаляцыя дыпляматычнае вайны не прыносіць вялікай асалоды дзеячам зь Белага дому. На зыходзе прэзыдэнцтва Бушу было б лепей прадэманстраваць нейкі прагрэс у беларускім пытаньні. Акрамя таго, падтрымка дэмакратыі ў Беларусі для ЗША не пусты гук, і там разумеюць, што з закрыцьцём амбасады яны тут страцяць нават тыя сьціплыя магчымасьці, што мелі дагэтуль.

Як ні парадаксальна, але апошні болей чым эмацыйны камэнтар беларускага кіраўніка наконт Казуліна таксама сьведчыць: узімку Менск сапраўды спадзяваўся "перагарнуць старонку" з палітычнымі вязьнямі ды выйсьці на болей канструктыўныя стасункі са Штатамі і Захадам увогуле. Але катэгарычная нязгода зьняволенага экс-кандыдата на прэзыдэнта зьехаць у палітычную эміграцыю перакрэсьліла тыя спадзевы. А далей пачала ўжо дзейнічаць парадыгма "вока за вока": ах, вы так — ну дык атрымлівайце!

© AFP

І зараз, акрамя ўсяго іншага, мы назіраем канфлікт амбіцыяў. Кожны з бакоў думае пра імідж. З аднаго боку, звышдзяржаве не пасуе моўчкі выцірацца, раз-пораз атрымліваючы анучай па твары. Зь іншага боку, і беларускае начальства мусіць трымаць марку: не паддамося праклятым імпэрыялістам! Дзейнічае заканамернасьць эскаляцыі канфліктагенаў. І зусім ня выключана, што Амэрыка яшчэ рэалізуе свой плян "Б".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?