Пракуратура вобласці накіравала ў абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да 50-гадовага жыхара Быхаўскага раёна, які ўчыніў забойства сваёй старой маці пры абставінах, што абцяжваюць віну, і замах на знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела аблпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства УСК па Магілёўскай вобласці Дзмітрый Шарамет, злачынства было ўчыненае 25 кастрычніка мінулага года.

Абвінавачваны, будучы п'яным, падчас сваркі са сваёй 83-гадовай маці збіў яе, нанёсшы мноства удараў рукамі па розных частках цела. Затым зацягнуў жанчыну ў прыбудаваны да хаты драўляны хлеў, звязаў рукі і падпаліў сена, што было там. Дачакаўшыся, калі будынак загарыцца, абвінавачаны выцягнуў маці на двор і пакінуў ляжаць яе са звязанымі рукамі ў небяспечнай блізкасці ад пажару, пасля чаго ўцёк з месца здарэння.

Праз непрацяглы час пажар быў выяўлены і патушаны мясцовымі жыхарамі і супрацоўнікамі Быхаўскага РАНС, што не дало агню магчымасці знішчыць ці пашкодзіць маёмасць маці абвінавачванага — хлеў, жылы дом, а таксама іншыя размешчаныя на тэрыторыі домаўладання гаспадарчыя пабудовы і маёмасць, што мясцілася ў іх. Тым самым злачынная задума абвінавачванага не была даведзеная да канца з-за акалічнасцяў, што не залежалі ад яго, зазначыў прадстаўнік абласной пракуратуры.

Разам з тым, нягледзячы на намаганні лекараў, жанчына праз некалькі дзён ад атрыманых у выніку дзеянняў сына цяжкіх цялесных пашкоджанняў — закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, закрытых пераломаў рэбраў, множных сінякоў на тулаве і канечнасцях, тэрмічных апёкаў скуры левага перадплечча і кісці — памерла ў бальніцы.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваныя па пп. 2, 5, 6 ч. 2 арт. 139 КК, ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), учыненае ў дачыненні да састарэлай асобы, агульнанебяспечным спосабам, з асаблівай жорсткасцю, а таксама замах на наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, учынены агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула прычыненне ўрону ў буйным памеры).

За ўчыненыя злачынствы абвінавачванаму можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротная кара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?