Эканамічны суд Брэсцкай вобласці 25 красавіка прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1-1 арт. 12.7 КоАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) жыхара Баранавіч, у якога зніклі папугаі.

Як паведамляе прэс-служба суда, жыхар райцэнтра ажыццяўляў прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі. 9 лютага ў раёне населенага пункта Прыбалавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці на аўтамабілі «Опель-Вектра» мужчына перамяшчаў камерцыйную партыю экзатычных птушак у колькасці 441 асобіны (хвалістыя папугаі, неразлучнікі, амадыны, карэлы, какарыкі) на агульную суму больш за 116 млн рублёў.

Як паведаміла прэс-служба суда, падчас праверкі экзатычныя птушкі ў правапарушальніка не канфіскоўваліся, а на момант складання пратаколу папугаі ў грамадзяніна адсутнічалі.

Жыхар Баранавіч сваю віну ва ўчыненым правапарушэнні пісьмова прызнаў і патлумачыў, што з парушэннем згодны. У судовым пасяджэнні правапарушальнік растлумачыў, што птушак набыў на бязвыплатнай аснове (яму іх падарылі) з мэтах гадоўлі і далейшай рэалізацыі. У далейшым ён планаваў адкрыць краму па продажы птушак і кармоў. Да адкрыцця крамы ён не планаваў іх прадаваць.

На пытанне суддзі, куды падзеліся папугаі, правапарушальнік адказаў, што яго маці забылася зачыніць дзверы і папугаі сабраліся ў зграю і паляцелі. «Гэтыя папугаі былі заўважаныя ў Баранавічах. Усе жыхары фатаграфаваліся з імі і выстаўлялі фатаграфіі ў інтэрнэце», — перадае словы жыхара райцэнтра прэс-служба суда.

Суд прыцягнуў грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь (420 тыс. рублёў), з канфіскацыяй грашовых сродкаў, эквівалентных кошту папугаяў, у суме 116 млн рублёў.

Пастанова пакуль не набыла законную моц.

Гісторыя з папугаямі здарылася на ўкраінска-беларускай мяжы ў лютым. На дарозе Глушкавічы — Мілашэвічы мазырскія пагранічнікі ў памежнай зоне спынілі аўтамабіль «Опель», якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавіч. Ён перавозіў 441 папугая. Дакументаў на птушак не было, і памежнікі перадалі птушак у Лельчыцкую ветэрынарную службу, а ў дачыненні да перавозчыка папугаяў была распачатая праверка. Затым птушкі былі перададзеныя на адказнае захоўванне жыхару Баранавіч. Пасля гаспадар папугаяў паведаміў, што птушкі паляцелі. Галоўны ветэрынарны доктар Баранавіцкай ветстанцыі Сяргей Нікалаеў раней паведамляў журналістам, што папугаяў у жыхара райцэнтра няма і ён прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на 0,5 базавай велічыні за парушэнне ветэрынарна-санітарных правіл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?