Ігар Гузь ехаў з памочнікамі ў Менск, каб узяць удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях». Акрамя таго, плянаваліся сустрэчы з супрацоўнікамі амбасады Ўкраіны, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і апазыцыйных сіл.

facebook.com

facebook.com

«Лукашэнка зноў не пусьціў мяне ў Беларусь. На гэты раз на загад Крамля. Таксама я дамовіўся аб сустрэчы з бацькамі асобных беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну на Данбасе. Нядаўна ў кватэрах, дзе пражываюць сваякі хлопцаў, прайшлі ператрусы. Проста неабходна іх падтрымаць», — паведаміў Гузь у фэйсбуку.

Аўтамабіль Ігара Гузя спынілі на мяжы памежнікі, далей падцягнуліся работнікі КДБ і іншых органаў.

«Я працягваю быць асабліва небясьпечным для Лукашэнкі і, верагодна, ўжо і для Пуціна палітыкам».

Беларускія памежнікі паставілі штамп у пашпарт народнага дэпутата Ўкраіны Ігара Гузя, што ён неўязны ў Рэспубліку Беларусь, і прымусілі пакінуць прапускны пункт. Народны дэпутат вымушаны быў вярнуцца ва Ўкраіну.

Ігар Гузь адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

— На які тэрмін вам забаронены ўезд у Беларусь і па якой прычыне?

— Я прасіў даць мне паперу пра тое, на колькі часу мне забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Але яны патлумачылі, што ня маюць права даваць мне такую паперу, — проста ўезд забаронены. Сказалі, каб я зьвяртаўся ў амбасаду Расеі, а не Беларусі, каб даведацца, на які час мне забаронены ўезд.

— Чаму зьвяртацца ў амбасаду Расеі, яны гэта неяк патлумачылі?

— Беларускія памежнікі, там былі таксама супрацоўнікі КДБ, цьвердзілі, што мяне не пускаюць у Беларусь па патрабаваньні Расейскай Фэдэрацыі. Што ёсьць папера, што я непажаданая асоба ў РФ. А адпаведна, я так разумею, з-за міждзяржаўных дамоваў паміж Расеяй і Беларусьсю мяне не пусьцілі ў Беларусь. Ва ўсялякім разе такая інфармацыя гучала ад беларускіх памежнікаў.

— Вам ужо забаранялі ўезд у Беларусь?

— Так, у 2005 годзе я быў дэпартаваны з забаронай уезду на 5 гадоў. Я тады браў удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях» і адседзеў у менскай турме на Акрэсьціна 10 сутак. Мы трымалі галадоўку. Але ўжо гэты тэрмін выйшаў, прайшло 11 гадоў ад таго часу. Ну, вось наступны крок.

— Як вы пракамэнтуеце гэтую сытуацыю і што будзеце рабіць цяпер?

— Выснова адна. Лукашэнка, як і Пуцін, баіцца людзей, якія маюць сваю пазыцыю ва Ўкраіне. Я ня буду хаваць, што маю адносіны да стварэньня ва Ўкраіне атраду «Пагоня» зь беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі і ваююць на Данбасе за ўкраінскія інтарэсы. Таму Лукашэнка паказвае, што ён баіцца людзей, якія маюць сваю пазыцыю. Я буду дамагацца ў МЗС, каб яны выслалі ноту пратэсту. Бо я фактычна намесьнік кіраўніка камітэту замежных спраў, і я ехаў, выконваючы свае абавязкі як народны дэпутат дзеля наладжваньня сувязяў. Я меў пэўныя пляны ў Менску. І таму такія дзеяньні недапушчальныя. Я лічу, што МЗС і Вярхоўная рада Ўкраіны павінны на гэтую сытуацыю адрэагаваць.

— Вы зьбіраліся браць удзел у «Чарнобыльскім шляху» ў Менску?

— У мяне была заплянавана сустрэча ў амбасадзе з украінскімі дыпляматамі і прадстаўнікамі дыяспары. Я дамаўляўся пра сустрэчу з Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Някляевым, Анатолем Лябедзькам. То бок фактычна зь лідэрамі апазыцыі. Мне было цікава пачуць іхняе бачаньне сытуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. У нас плянавалася прэс-канфэрэнцыя ў Менску. Відаць, КДБ ведаў пра гэта, таму дзейнічаў такім чынам.

— Як вы ставіцеся да перасьледу ў Беларусі добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны, і ці будзеце вы іх далей абараняць?

— Канечне, мы цяпер робім усё магчымае, каб быў мараторый на экстрадыцыю гэтых хлопцаў, каб у Беларусь яны не вярталіся, бо ўжо ёсьць такія запыты. Ну а далей працэс наданьня грамадзянства тым, хто хоча, або віду на жыхарства ва Ўкраіне. Я буду яшчэ больш шчыльна займацца цяпер гэтымі пытаньнямі, бо вымушаюць абставіны і пазыцыя беларускіх уладаў.

— А ці мусіць Украіна даваць нейкі сымэтрычны адказ Беларусі, калі ў Беларусь не пускаюць украінскіх дэпутатаў?

— Гэтае пытаньне павінна вырашацца на ўзроўні МЗС. Я думаю, што напэўна ёсьць людзі, якія непажаданыя ва Ўкраіне. Я думаю, што адказ павінен быць.

***

У 2005 годзе пасьля ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху» Ігар Гузь, які на той час узначальваў украінскую арганізацыю «Нацыянальны альянс», а таксама чацьвёра яго паплечнікаў былі затрыманыя і пакараныя 9 суткамі арышту на Акрэсьціна. Увесь гэты тэрмін украінскія актывісты трымалі галадоўку. Пасьля вызваленьня з турмы Ігара Гузя дэпартавалі зь Беларусі, пазбавіўшы права ўезду ў краіну на 5 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?