У траўні 1986 мы ў мінскай школе 52 абмяркоўвалі, што бацькі раптоўна забаранілі нам усім дакранацца да травы на вуліцах. А неўзабаве да нас у класе далучыўся новы вучань, Ігар, з Нароўлі. Мы былі вельмі здзіўленыя: ну як жа пераходзіць у новую школу ў траўні? Вось ад яго мы й даведаліся пра аварыю, пра адсяленне цэлых гарадоў, пра іх назвы, пра «чарнобыльскую зону».

Сёння — сумны юбілей, 30 гадоў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Дзясяткі гарадоў, сотні вёсак, дзясяткі тысяч жыццяў, мільёны даляраў — усё гэта ператварылася ў попел. Гэта попел Чарнобыля, які здарыўся не ў Беларусі, але Беларусь найбольш пацярпела. А колькі нас яшчэ памрэ ад раку й калі… Цяпер ня варта пасыпаць галаву попелам, яна ўжо шчодра ім пасыпаная. Праз 30 год пасля аварыі трэба вяртаць усходняе Палессе да жыцця, праводзіць рэкультывацыю земляў. Ні на кога не спадзяваючыся. Ва ўсіх свае праблемы. А гэта — 22 % тэрыторыі краіны, 2 193 паселішчы.

У звязку з гэтым — пра АЭС. У свеце зараз працуе 444 ядравых рэактары. Вакол нас — некалькі.

У Расіі дзейнічае больш 30 энэргаблокаў, толькі ў Смаленску - тры, будуецца станцыя ў Калінінградзе. Ва Ўкраіне - 15 дзейных блокаў, яшчэ два будуецца. Па 4 рэактары - у Славаччыне, Вугоршчыне ды Фінляндыі. 6 - у Чэхіі, 10 - у Швецыі, 8 працуе ў Нямеччыне. У нас будуецца два. Першы запрацуе праз два гады, другі - праз чатыры. Літва, натуральна, незадаволеная. Я б на іх месцы таксама быў незадаволены. Ігналінскую АЭС Еўразвяз вымусіў закрыць. Самі літоўцы пасля гэтага на рэферэндуме адмовіліся ад будаўніцтва Вісагінскай АЭС каля Беларусі. А тут за мяжой, але побач з Вільняй, будуецца новая. З дапамогай Расіі.

Дарэчы, чаму Расія? Бо танней, у крэдыт і «пад ключ». Праект каштуе 10 млрд даляраў. Гэтыя грошы - расійскі крэдыт. Станцыю будуе расійскі «Атомстройэкспорт», так. Але гэта ўсё адно для нашай краіны - пытанне нацыянальнай бяспекі. Зараз магутнасць усіх электрастанцый беларускай энэргасістэмы складае каля 8,3 тыс МВт. Магутнасць АЭС будзе 2,4 тыс МВт. Гэта дазволіць спыніць закупы электраэнэргіі за мяжой, экспартаваць лішкі ўласнай. Плюс сабекошт выпрацоўкі гэтай энэргіі ўдвая таннейшы за тую, якая выпрацоўваецца на парагазавых і вугальных ЦЭЦ. І, дарэчы на гэтых ЦЭЦ (што працуюць на расійскім газе) выпрацоўваецца на сёння больш за 80 % нашай электраэнэргіі. То бок АЭС дазволіць знізіць спажыванне расійскага газу для электрагенерацыі. У Міністэрстве энэргетыкі кажуць, што на 5 млрд куб.м, з 22 да 17.

Ядравая энергія - чыстая ды й эфектыўная. Калі вырашаны праблемы бяспекі.

Прычынай аварый на АЭС ніводнага разу не была сама энэргія. Аварыі адбываліся альбо з-за памылак у канструкцыі, альбо у эксплуатацыі, альбо звязаныя з прыроднымі катастрофамі. Землятрусаў у нас не бывае. Тэхналогія будаўніцтва найноўшая. Гэта пацьвердзіў тыдзень таму гендырэктар Міжнароднай агенцыі па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Юкія Амана. Мадэрнізацыя ТЭЦ, будаўніцтва новых ГРЭС, пашырэнне выкарыстання аднаўляльных крыніцаў энэргіі: сонечных, біягазавых, ветраэнэргетычных установак - гэта таксама вельмі важна, пра гэта напісана ў адмысловай дзяржпраграме. Яно пакрысе й робіцца. Плюс фармаванне культуры энэргазберажэння, каб дарэмна лямпачкі не паліць. А станцыя ў Астраўцы - наш энэргетычны суверэнітэт, тэхналогіі, занятасць і падрыхтоўка спецыялістаў у новай для Беларусі сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?