Правядзенне рэспубліканскага форуму прадпрымальнікаў, які арганізуе РГА «Перспектыва», запланавана на 13 чэрвеня, паведаміў старшыня аб'яднання Анатоль Шумчанка.

Пасля доўгіх пошукаў памяшкання форум вырашана праводзіць у Доме Масквы ў Мінску. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 12.00. Тэма форуму — «Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу».

Першапачаткова форум планавалася правесці 30 мая ў актавай зале гасцініцы «Беларусь», аднак з адміністрацыяй гатэля «Перспектыве» дамовіцца не ўдалося. «Мы звярнуліся з просьбай аб садзейнічанні ў Мінгарвыканкам і ўдзячныя за дапамогу», — паведаміў Шумчанка.

Паводле яго слоў, аб'яднанне таксама мае намер арганізаваць у найбліжэйшы час серыю рэгіянальных форумаў прадпрымальнікаў, у прыватнасці ў Магілёве і Гомелі.

У сярэдзіне красавіка «Перспектыве» некалькі разоў адмаўлялі ў арэндзе залаў для правядзення сустрэчы.

З пачатку года пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які паралізаваў працу часткі індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць легпрамам, паколькі згодна з дакументам ІП цяпер могуць гандляваць толькі той прадукцыяй легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза, на якую ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Аднак да канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў аднавілі працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?