20.05

Віталь Рымашэўскі сцвярджае, што папярэдне з міліцыяй было дамоўлена, што рамак на месцы мітынгу не будзе. Вырашана не ісці за рамкі і не праводзіць мітынг. Міліцыі гукаюць «Ганьба!» 

Засталося некалькі соцень удзельнікаў. Акцыю вырашана скончыць хвілінай маўчання. 

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

20.00

Калона дайшла да капліцы, абнесенай металічнымі рамкамі. Адбываецца надгляд, усіх пільна абшукваюць. Ахвотных прайсці за турнікеты няшмат. 

19.40

У калоне каля тысячы чалавек. Людзі падышлі да скрыжавання Сурганава і Багдановіча. У Мінску вельмі холадна, таму некаторыя пакідаюць шэсце, вырашыўшы не заставацца на мітынг. З боку міліцыі ніякіх перашкод няма. 

18.55

Галава калоны дайшла ўжо да скрыжавання Сурганава і Якуба Коласа. Гукаюць «Атам мірным не бывае!»

18.40

Калона рушыла. На чале яе лунае шмат размаітых сцягоў. Анархісты запальваюць фаеры. Удзельнікі гукаюць «Жыве Беларусь!», «Шануй прыроду — шануй Беларусь». 

Паводле папярэдніх падлікаў, у калоне каля 700 чалавек.

18.30

Многія ўдзельнікі крэатыўна падышлі да сёлетняй акцыі. Некаторыя прыйшлі ў касцюмах ліквідатараў, іншыя ладзяць міні-перформансы — «чарнобыльская нявеста», «труна з абяцанкамі», «падкіньце Смерць да Астраўца» і інш. 

18.20

Удзельнікі працягваюць падыходзіць, іх ужо каля 400-500 чалавек. Сярод іх Аляксандр Мілінкевіч, Таццяна Караткевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Марачкін, Валерый Мазынскі, Зміцер Вайцюшкевіч.

Супрацоўнікі сілавых ведамстваў, як звычайна, прысутнічаюць у цывільным, але пакуль ніяк сябе не праяўляюць, акрамя таго, што здымаюць прысутных на камеры. 

18.10

На месцы збору ўдзельнікаў каля 300 чалавек. 

У руках удзельнікаў акцыі расцяжкі: «Шануй прыроду — шануй Беларусь», «Не самабуду — Астравецкай АЭС», «Расія, спыніся, хопіць знішчаць».

***

«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, што завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на мітынг.

Сёлета ганаровым старшынёй аргкамітэта акцыі «Чарнобыльскі шлях» стала нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

* * *

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху», які адбудзецца 26 красавіка ў Мінску, маюць намер патрабаваць неадкладнага спынення будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Збор удзельнікаў акцыі, дазвол на правядзенне якой даў Мінгарвыканкам, павінен прайсці з 18.00 да 18.30 каля кінатэатра «Кастрычнік». Затым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых», дзе з 20.00 да 21.00 запланаваны мітынг і цырымонія ўскладання кветак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?