Як паведаміў 2 траўня падчас прэсавай канферэнцыі кіраўнік упраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкаму Генадзь Курбека, ніякіх абмежаванняў для гандлёвых кропак 9 траўня мінскія ўлады ўводзіць не збіраюцца.

Паводле словаў чыноўніка, справа не ў абмежаваннях, а «у культуры ўжывання спіртовых напояў».

‑ Калі чалавек вельмі захоча напіцца, то ён знойдзе, дзе гэта зрабіць, — сказаў Генадзь Курбека.

Што тычыцца самога святкавання Дня Перамогі, то, паводле галоўнага ідэолага, яны пройдуць ў «традыцыйным фармаце». Прэзідэнт разам з ветэранамі пройдзе ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, дзе будуць ускладзеныя кветкі. Некаторых самых слабых на здароўе ветэранаў да плошчы будуць везці на 12 ўпрыгожаных ваенных УАЗах.

Плануецца, што ў шэсці возьмуць удзел каля 6 тысяч чалавек. Яшчэ 20 тысячаў — у асноўным школьнікі і навучэнцы ПТВ — будуць назіраць за рухам ветэранаў з тратуараў уздоўж праспекта Незалежнасці.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0