«Наша Ніва»: Вы даўно ведалі Гілевіча?

Валерыя Навуменка: Я засталася апошняй у нашым пад’ездзе, хто памятае, дзе чыя была кватэра, якія былі адносіны паміж пісьменнікамі, іх жонкамі. Хто за кім пасяліўся.

З сям’ёй Гілевіча мы былі суседзямі ад 1969 года. У той год мы перабраліся ў кватэру Івана Шамякіна, якая была на адзін пакой большай за тую, што мы займалі перад гэтым. І вось Ніл Сымонавіч з жонкай Нінай Іванаўнай і сынам Сяргеем пасяліліся якраз у кватэру, дзе раней жылі мы, а яшчэ раней — Мележ.

Яны рабілі рамонт, мы рабілі рамонт. У нейкі дзень прыйшла мая бабуля па маці, вельмі яркая асоба, зайшла да Ніны Іванаўны, агледзела, што было ўжо па­новаму ў гэтай 22­й кватэры і сказала: «Мадам Гілевіч, прайдзёмце ў ванную». Гэтая фраза потым стане крылатай на ўсё жыццё.

Ніна Іванаўна ж была чалавекам вельмі смяшлівым, яскравым, таму яна як разрагочацца! Прыйшла да маёй маці і расказвае, як Настасся Феліксаўна завітала, агле­дзела, паставіла адзнаку якасці, як у дзяржпрыёмцы, аж да ваннага пакоя дайшла.

Была вельмі вясёлая пара і паміж бацькамі, і паміж дзецьмі. Усе былі маладымі, прыгожымі.

У 1969 годзе Нілу Сымонавічу было 38 гадоў. Божа-­божа! Са сваёй жонкай Гілевіч былі аднакурснікамі. Мой бацька быў выкладчыкам у іх, вазіў на бульбу. Ён сам усяго на 7 гадоў старэйшы, але франтавік, таму пэўная дыстанцыя захоўвалася.

Мае бацькі былі на вяселлі ў Гілевічаў. Вяселле было ў Мінску, бо маці і айчым Ніны Іванаўны жылі ў Мінску. Бацька не прыйшоў з вайны. Айчым быў чыгуначнікам. Але яна па размеркаванні адпрацавала недзе ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Калі вярнулася ў Мінск, то яны пабраліся шлюбам з Гілевічам, які тады быў у аспірантуры.

У Ніла Сымонавіча было васьмёра братоў і сясцёр, увесь час ён усім дапамагаў.

Памятаю, як памірала ягоная маці, хворая на інсульт. Жонка расказвала, як ён прыехаў у Слабаду, маці яго яшчэ пазнала.

Памятаю, як памёр яго старэйшы брат Леў. Тады памерла сястра Іда (Ідэя), з якой ён разам вучыўся ў тэхнікуме. Яна маладой памерла ад анкалогіі, засталося два хлопчыкі. Меншаму было ўсяго 6 гадоў. Такія трагедыі сямейныя былі, яны не маглі не пакінуць адбітку на творчасці.

«НН»: Гілевіч быў суровым чалавекам?

ВН: Не быў ён суровым. Нават калі ён ідзе і засяроджаны на сваіх думках, як і мой бацька, і Караткевіч, гэта не значыць, што ён такі суровы. Ён ідзе і нешта пра сваё думае. Гэта ж творчы чалавек!

Як я была студэнтка, мне было гады 22, запрасіла мяне Ніна Іванаўна на дзень нараджэння. Мусіць, 50­-годдзе. Было такое вузкае сямейнае кола: Гілевічы, пляменнікі, сястра. І тады ўжо грымела «А я лягу­-прылягу». Весела было, усе маладыя, бацькі жывыя. Павіншавалі Ніну Іванаўну. І Ніл Сымонавіч мне сказаў (я не выканала гэту просьбу, палічыла не вартым умешвацца): «Валя (мяне так дома называлі), калі мяне панясуць, то хай грае «Вы шуміце, шуміце над мною, бярозы». Ён любіў гэтую песню. Яе многія любілі, яна стала хітом. І музыка выдатная, і верш.

«НН»: Якія адносіны ў іх былі з жонкай?

ВН: З жонкай добрыя адносіны былі. Такіх жонак пашукаць яшчэ. Вясёлая. Калі жонка сумная, зацятая, не гаворыць па два тыдні, то навошта такая жонка?

Гэта было юнацкае каханне. Пажаніліся ў патрэбны час маладымі, сына выгадавалі… І яна ўвесь час працавала. Яна нават перад смерцю хацела, каб ёй паставілі нагрузку педагагічную. Яна памірала ў палаце ў майго мужа, ён ёй займаўся непасрэдна тры месяцы…

Усё ў жыцці бывае, у каго не бывае? Але такога ўжо экстрэмальнага не было ў іх, я не ведаю.

«НН»: А гаварылі дома па­-беларуску?

ВН: Ведаеце, усе дзеці добра гаварылі па-­беларуску, нават калі маці была аднекуль з Расіі. І жонкі гаварылі. Ніна Іванаўна Гілевіч — прафесійны філолаг, і мая маці размаўляла па-беларуску.

Я гавару па­-беларуску, брат мой гаворыць, гаворыць мая маскоўская сястра, гавораць усе дзеці Івана Антонавіча Брыля, гавораць Клімковічы — і дзеці, і ўнукі.

Дзеці ўсе цікавыя. Няма нікога такога кончанага, хто б пайшоў на дно. Былі такія, хто не надта добра вучыўся, шукаў сябе, можа, з асабістым жыццём былі праблемы, разводзіліся. Але не стаў ніхто алкаголікам, ніхто не зваляўся пад плотам, а пра наркотыкі мы ўвогуле не чулі.

Кватэры не замыкаліся. Да нас прыходзілі дзеці — маці ўсіх накорміць, да іншых — таксама накормяць.

Канечне, шкодзілі. Недзе мне было 9 гадоў, а сын Гілевіча — на год старэйшы. Ніна Іванаўна завяршыла сваю кандыдацкую дысертацыю. Аддрукаваны рэферат ляжаў на паліцы пры ўваходзе каля тэлефона. Мы абліваліся вадой, праз трубачку гарохам пляваліся. Адчынілі дзверы і на Сяргея лінулі міску вады. І залілі рэфераты. Як ён роў, што прыйдзе мама!

Праўда, гэта была чыстая вада. Прасохлі тыя аркушы — і нічога не здарылася.

Або вось такая яшчэ гісторыя з дзецьмі была… Было жалезнае правіла, што дзеці, калі дарослыя сядзяць за сталом, не павінны былі падыходзіць, нешта прасіць, клянчыць. Нашы бацькі адразу гэта спынялі. Калі дома былі госці і Гілевічы ў нас, то дзяцей адпраўлялі ў кватэру да Гілевічаў. У Гілевічаў катэгарычна забаранялася заходзіць у кабінет Ніла Сымонавіча, нешта кранаць, гартаць, браць. Але дзеці ёсць дзеці. Мая сястра, малая яшчэ, але таленавітая, яна на сёння прафесар у Маскве, падышла да машынкі і надрукавала ў рыфму непрыстойнае слова. Назаўтра прыйшла Ніна Іванаўна і пачала, як яна казала, допыт маладагвардзейцаў: «Хто заходзіў у кабінет да Ніла Сымонавіча?» Трэба сказаць, што сам Гілевіч рагатаў на ўсю сілу свайго голасу, бо нават у рыфму атрымалася. Словам тым было «с…ка», горшых мы не ведалі.

«НН»: У Гілевічаў Сяргей — гэта адзіны сын?

ВН: Так. Хачу адзначыць, што ніхто ў нашым двары не вучыўся так, як ён. Калі не атрымлівалася задача, то трэба было ісці да Сяргея, ён дапамагаў сходу.

Залаты медаль быў у яго. І ён з адным экзаменам пайшоў на біялагічны факультэт на біяхімію. Выдатна вучыўся! З ім здарылася бяда на першым курсе, калі ён пашкодзіў меніск. Яго аперавалі, хлопцы насілі яму канспекты. І ён усё роўна ўсе экзамены здаваў на «пяцёркі» па тагачаснай сістэме, быў першым у навуцы.

«НН»: Цяпер ваш дом зусім апусцеў.

ВН: Нядаўна глядзела грузінскі фільм адзін, са шчымлівым сэрцам. У канцы была фраза: «Усе сышлі». У нашым пад’ездзе таксама ўсе сышлі. Няма Караткевіча, няма Івана Антонавіча Брыля, няма Івана Пятровіча Шамякіна — быў зычлівы да людзей чалавек, няма Глебкі, няма Віткі, з ім па­-суседску вельмі добра жылі. Вітка напрыканцы жыцця быў настолькі бездапаможны, што ўнучка Юля [Чарняўская] званіла маёй маці і прасіла: «Ядвіга Паўлаўна, спусціцеся да дзеда, занясіце запалкі. У мяне малая Жэня, а ён не ведае, дзе тыя запалкі»…

Лёсы… У Брыля першай памерла жонка, у майго бацькі — жонка, у Шамякіна — жонка, у Караткевіча — зноўку ж жонка, у Віткі — жонка. І ім, уражлівым людзям, трэба было ўсё перажыць. Мой бацька адзін жыў сем гадоў, Шамякін таксама прыкладна столькі ж. У Брыля і майго бацькі ў адзін год памерлі жонкі, і яны самі адышлі ў адзін год. І ўсё гэта цяжка, калі ты стары і цябе гойдае па хвалях адзінота, няма тваёй жанчыны. Дзеці і ўнукі вас любяць, але ў кожнага сваё жыццё. У майго бацькі апошнія апавяданні — гэта суцэльны сум па маці. Як ён захварэў, я забрала яго на Лысую Гару. Я сплю на верандзе, а ён у сваім пакоі. Потым пачынае Ядзю клікаць. Дзе тая Ядзя, яе ўжо чатыры гады няма. А ў яго ў галаве Ядзя…

Ніл Сымонавіч, здаецца, ведаў свой дыягназ. Я яго чула ў апошні дзень яго жыцця, яму было кепска. Чула, як ён стагнаў, я жыву над імі.

У той дзень яго забралі ў рэанімацыю ў 10:15. Нібыта ў панядзелак, напярэдадні, не было месцаў. Хто там цяпер пра каго думае, якія аўтарытэты… Усё змянілася і ў так званай прэзідэнцкай бальніцы. Калі раней у люкс клалі толькі на ўзроўні намесніка міністра, то цяпер можа ляжаць нейкая сімпатыя.

Гілевічу цяжка было перажыць смерць жонкі. Ён напісаў кніжку «І плямы на табе няма». Ён пахаваў Ніну Іванаўну на Кальварыі, тамсама ляжаць мае бацькі. Аднойчы я прыйшла на могілкі: сядзіць Ніл Сымонавіч і сястра яго Святлана. Ён сядзіць і працірае партрэт Ніны Іванаўны. Я кажу: «Ніл Сымонавіч, нельга нічога несці з могілак дахаты». А ён адказвае: «Глядзі, які выдатны партрэт». Не ведаю, ці забраў.

Усе сышлі, сышла эпоха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?