27.04.2016 / 16:38

Беларусь зноў у дзясятцы краін з найгоршай сітуацыяй у галіне свабоды прэсы 2

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House зноў аднесла Беларусь у дзясятку краін і тэрыторый з найгоршай сітуацыяй у галіне свабоды прэсы. Свежыя аналітычныя звесткі ўтрымліваюцца ў дакладзе «Свабода прэсы — 2016», апублікаваным на афіцыйным сайце арганізацыі.

Freedom House прыводзіць агульны рэйтынг для 195 дзяржаў і чатырох асобных тэрыторый — Ганконга, Крыма, Самалілэнда, Заходняга берага Іардана і сектара Газа.

Беларусь апынулася на шостым месцы з канца, атрымаўшы статус краіны з несвабоднай прэсай. Горш, чым у Беларусі, сітуацыя толькі ў Паўночнай Карэі, Туркменістане, ва Узбекістане, у Крыме і Эрытрэі.

Праваабаронцы складаюць рэйтынг на аснове ацэнак прававога, палітычнага і эканамічнага асяроддзя, дзе чым меншая атрыманая колькасць балаў, тым лепш. Так, сітуацыя з палітычным асяроддзем у Беларусі крыху змянілася ў станоўчы бок, атрымаўшы 34 балы з 40. Для параўнання, у дакладзе за 2015 год Freedom House ацаніла беларускае палітычнае асяроддзе на 36 балаў.

Прававое і эканамічнае асяроддзе ў Беларусі за год не змянілася — адпаведна 29 і 28 балаў з 30.

Звесткі па Беларусі ў новым дакладзе аб сітуацыі са свабодай прэсы пададзеныя толькі ў статыстычнай табліцы і адзначаныя на інтэрактыўнай карце. Асаблівых заўваг ў тэксце даклада пра Беларусь няма.

0
студент / Адказаць
27.04.2016 / 20:39
Свободная пресса мешает страной управлять!
0
Палясоўшчык / Адказаць
28.04.2016 / 07:26
Прэсу сваю - агнём "Бацька" прасуе! Падмяў - пад сябе,народ свой не чуе !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру