Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які ўзначальвае Фонд па барацьбе з карупцыяй, падаў у суд на тэлеканал «Расія-1», тэлевядучага Дзмітрыя Кісялёва і аўтара фільма «Эфект Браўдэра» Яўгена Папова. Пра гэта палітык паведаміў на сваім сайце.

Навальны спасылаецца на адну з пастаноў пленума Вярхоўнага суда Расіі, згодна з якім па пазовах аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі адказчыкамі з'яўляюцца аўтары матэрыялаў, якія змяшчаюць ганебныя звесткі, і тыя, хто іх распаўсюджваў.

Гэта дазволіла Навальнаму падаць пазоў не толькі на Папова, а таксама і на Кісялёва, які анансаваў фільм у сваёй перадачы «Весці тыдня», і на тэлеканал, які паказаў фільм.

«Падставы відавочныя: усё кісялёўскае «расследаванне» — выдумка ад першага да апошняга слова, уключаючы смяхотную «перапіску з Браўдэрам у скайпе», — піша Навальны. — Так званая «тэлефонная размова з Панамаровым» — наогул відавочная фальсіфікацыя. Без усякай фанаскапічнай экспертызы ясна, што гэта не мой голас».

Па словах апазіцыянера, адказнікі будуць абавязаныя даказаць абвінавачванні, якія яны выстаўляюць у «Эфекце Браўдэра», а менавіта: тое, што Навальны ўдзельнічаў у арганізацыі забойства юрыста Hermitage Capital Сяргея Магніцкага і шпіянажы.

Тэлеканал «Расія-1» паказаў фільм «Эфект Браўдэра» 13 красавіка ў рамках праграмы «Спецыяльны карэспандэнт». За некалькі дзён да прэм'еры фільм анансаваў Кісялёў. Адразу пасля выхаду перадачы Кісялёва Навальны абяцаў падаць у суд на аўтараў фільма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?