03.05.2008 / 12:07

Пётра Рудкоўскі. Незалежнасьць ад розуму 5

Выкідваньне прэч амэрыканскіх дымляматаў – гэта жэст, які да болю нагадвае нахабства Садама Хусэйна шэсьць-сем гадоў таму. Камэнтуе Пётра Рудкоўскі.

Выкідваньне прэч амэрыканскіх дымляматаў – гэта жэст, які да болю нагадвае нахабства Садама Хусэйна шэсьць-сем гадоў таму. Камэнтуе Пётра Рудкоўскі.

Міралюбная Беларусь ізноў ваюе. Што праўда, не чуваць стрэлаў, бомбы ня валяцца на галаву і кроў, дзякуй Богу, ня льецца. Бо вайна гэтая не рэальная, а толькі віртуальная.

Беларускі рэжым, як відаць, глыбока ўпадабаў менавіта такі спосаб самасьцьвярджэньня – віртуальныя войны. От, такі субстытут Вялікай Айчыннай Вайны, якая рэальна закончылася ў 1944-45, а віртуальна доўжыцца аж да сёньняшняга дня і працягвацца будзе заўтра й пасьлязаўтра. Ролю «праціўніка» тут іграюць самыя розныя суб’екты, пачынаючы ад «спрадвечна варожай» Амэрыкі і заканчваючы «спрадвечна братэрскай» Расеяй. Учора мы лезьлі ў зямлянкі, змагаючыся з «газавай агрэсіяй» Расеі, пазаўчора біліся з палякамі, ну а сёньня счапіліся не на жарты з наймагутнейшай дзяржавай сьвету, са Злучанымі Штатамі.

Віртуальныя войны могуць мець рэальныя наступствы. У той час, як вайна з Расеяй асабліва не паўплывала на зьмену расейскай палітыкі да Беларусі (хіба што прыпячатала перакананьне расейскіх элітаў у мэтазгоднасьці ажыцьцяўленьня больш жорсткай эканамічнай лініі ў стасунку да «саюзьніка»), то вайна з такімі суб’ектамі, як Польша, а тым больш ЗША мае крыху болей нюансаў. Пасьля канфлікту з Польшчай (маецца на ўвазе перадусім канфлікт 2005 г., зьвязаны з выбарамі ў Саюз палякаў у Беларусі, хаця да гэтага дадаліся пазьней яшчэ іншыя эпізадычныя канфлікты) падтрымка дэмакратычных сілаў у Беларусі сталася для Польшчы сталым элемэнтам усходняй палітыкі. Заўважма, што небагатая Польшча выдаткоўвае на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці ці не палову з таго, што выдаткоўвае на гэту мэту ўвесь Эўрасаюз. І тут справа ўжо ня столькі ў тым, што польскія эліты больш любяць нашых дэмакратычных лідэраў, чым прэзыдэнта-аўтакрата. Незалежна ад любові ці нелюбові да апазыцыйных дзячоў, падтрымка барацьбы супраць свавольнага аўтакрата сталася для палякаў справай абароны сваёй нацыянальнай годнасьці.

Нечага падобнага трэба чакаць і ад ЗША. Што праўда, беларускі рэжым для Злучаных Штатаў ужо даўно пачаў функцыянаваць як патэнцыйная пагроза для нацыянальнай бясьпекі (хаця б з прычыны вайсковага гандлю з ісламскімі краінамі, варожымі да ЗША), але выкідваньне прэч амэрыканскіх дымляматаў – гэта ўжо жэст, які да болю нагадвае нахабства Садама Хусэйна шэсьць-сем гадоў таму. І хоць праўдападабенства ваенных дзеяньняў ЗША ў стасунку да Беларусі роўнае нулю (і дзякуй Богу), то ўсё ж няма сумневу, што ўвага да Беларусі значна ўзрасьце. Што гэта на практыцы будзе азначаць, пабачым.

Ці канфлікт з Амэрыкай ня кіне нас у абдымкі Расеі? Некаторыя ставяць тут не пытальнік, а кропку або клічнік. Мабыць, прыйдзецца тут парушыць (на момант) прынцып лягічнай няспрэчнасьці і адказаць: «і так, і не». Чаму не? Пры ўсёй непрадказальнасьці беларускага правіцеля, думаю, ёсьць прынамсі адна рэч, якую можна адносна беспамыкова прадказаць: Лукашэнка ня «здасьць» Беларусі да той пары, пакуль ня зьявіцца рэальная магчымасьць зьявіцца ў расейкім палітычным полі ў якасьці хай сабе не прэзыдэнта, але прынамсі такой фігуры, якая давала б рэальныя пэрспэктывы здабыць прэзыдэнцтва. Перакананы, што ў эпоху Пуціна-Мядзьведзева такая магчымасьць цалкам выключаная, а ў гіпатэтычную эпоху, якая настане пасьля «Пуцьведзева», малаімаверная. (Ёсьць, праўда, яшчэ пытаньне, як павёў бы сябе Лукашэнка ў выпадку рэальнай пэрспэктывы страты ўлады ў Беларусі, але гэтае няпростае пытаньне лепш адкласьці пакуль убок.)

Якімі б напружанымі ні былі адносіны з Эўропай ды ЗША, рэжым цяпер настроены на ўмацаваньне незалежнасьці, у тым ліку і ад Расеі. Але дагэтуль мы гаварылі пра «незалежнасьць» як геапалітычную пазыцыю. Калі ж узяць пад развагу культурную незалежнасьць, то тут зьяўляецца месца для «так» у адказе на пытаньне, пастаўленае ў папярэднім абзацы. Антыамэрыканская рыторыка, пацьвержаная цяпер ужо і дзеяньнямі, чыніць Лукашэнку героем нумар адзін у расейскіх ультранацыяналістычных і славянафільскіх колах. Гэта ня можа не прывесьці да ўзаемнай гравітацыі Лукашэкі і славяна-руса-філаў, а гэта азначае, што ў беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі славянафільска-прарасейскі кампанэнт узмоцніцца. А тое, што Лукашэнка бярэ курс на большую незалежнасьць ад Расеі, для славянафілаў або расейскіх ультранацыяналістаў не праблема, а наадварот, цнота: навошта аб’ядноўвацца з карумпаванымі алігархамі, які прадаліся Захаду?

Мабыць, ніводзін яшчэ палітык у Беларусі не выяўляў такога ўзроўню «незалежнасьці», як тое робіць цяперашні наш кіраўнік. Здавалася б, няма ніводнай моцы ў сьвеце, ніводнай супэрдзяржавы, якая змагла б стрымаць «незалежніцкі» імпэт беларускага прэзыдэнта. Але няма таксама і маральных прынцыпаў, ад якіх залежалі б словы і дзеяньні Лукашэнкі. І гэта найбольш сумна. Бо маем тут дачыненьне ня столькі зь незалежнасьцю ад той ці іншай дзяржавы, але перадусім зь незалежнасьцю ад маральных каштоўнасьцяў і прынцыпаў рацыянальнага дзеяньня.

Пётра Рудкоўскі

0
юрась / Адказаць
03.05.2008 / 12:41
Хутчэй не "расейскіх ультранацыяналістаў", а iмперскiх шавiнicтаў.
0
Бомба / Адказаць
03.05.2008 / 13:54
Лухту нейкую пiшаце. Ен шчэ лепей "в присядку" можа пад расейскую дуду.
0
Уладзімер Русаковіч / Адказаць
03.05.2008 / 15:14
На пытаньне: \"Як павёў бы сябе Лукашэнка ў выпадку рэальнай пэрспэктывы страты ўлады ў Беларусі?\" адказ даў Васіль Быкаў у прыпавесьці \"Інтэграцыя\" (http://palitekanom.livejournal.com/1973.html) йшчэ ў 2003 годзе. Замест славяна-руса-філаў тут пасуе беларусаненавісьнікі ды славянаненавісьнікі, бо йнакш я ўжо меў бы магчымасьць самае меншае прагляду тэленавінаў у Беларусі па-беларуску.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру