19.15

Як паведамляе журналіст НН з месца здарэння, Дзмітрыя Сталярова павезлі ў Ленінскі РАУС.

Па словах прэс-сакратара міліцыі Аляксандра Ластоўскага, віцебчук быў судзімы за крадзеж інструментаў, і ў Віцебску ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Сума запазычанасці, якую патрабаваў выплаціць Дзмітрый — каля 40 млн рублёў. Па словах Ластоўскага, гэтыя грошы яму вінныя прыватныя фірмы, з якімі Сталяроў працаваў па дамовах падраду. Як сцвярджаюць прадстаўнікі фірмаў, патрабаванні па дамовах выкананыя не былі, таму грошай Дзмітрый не атрымаў. Па гэтых фактах будзе праводзіцца праверка. 

Таксама Ластоўскі зазначыў, што віцебчук цалкам адэкватны, цвярозы, нічога не ўжываў. Што да наступстваў яго ўчынку, то да адказнасці ён, хутчэй за ўсё, будзе прыцягнуты прынамсі за тое, што парушыў падпіску аб нявыездзе. 

18.40

Дзмітрыя перасадзілі ў міліцэйскую машыну. Пад'ехаў начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў. Журналістаў просяць не здымаць.

18.25

Дзмітрый спусціўся з крана і сеў у машыну з зацемненымі шыбамі, якая пад'ехала раней. Хто ў ёй і пра што ідзе гаворка ўнутры, пакуль невядома. Таксама пад'ехала міліцэйская машына.

Сталярова сустракалі двое супрацоўнікаў сілавых структур, пераапранутыя ў будаўнікоў. Паводле слоў Ластоўскага, гэта было зроблена «ў мэтах ягонай жа бяспекі».

18.15

Віцебчук пачаў спускацца з крана.

18.10

Перамоўшчык прывёў двух чалавек, якіх папрасіў Дзмітрый, і перадаў аднаму з іх тэлефон, з дапамогай якога камунікуе з маладым чалавекам. 

Дзмітрый заяўляе, што «не злезе, пакуль не вырашыць сваю праблему».

Два чалавекі, якіх патрабаваў Сталяроў

Два чалавекі, якіх патрабаваў Сталяроў

17.45

Віцебчук папрасіў адагнаць міліцэйскую машыну, каб даць каментар АНТ. Тэлевізійшчыкі рыхтуюць апаратуру для жывога эфіру. 

17.25

Стала вядома, што маладога чалавека завуць Дзмітрый Міхайлавіч Сталяроў, ён 1991 года нараджэння. У астатнім сітуацыя застаецца без зменаў. 

Перамоўшчык

Перамоўшчык

16.35

Як паведамляюць карэспандэнты НН з месца здарэння, на тэрыторыю «Дынама» прапусцілі толькі журналістаў тэлеканала АНТ. Па словах Ластоўскага, малады чалавек папрасіў менавіта іх.

На пытанне, ці можа хтосьці да яго падняцца, Ластоўскі адказаў, што віцебчук зачыніў люк са свайго боку, таму зрабіць гэта не ўяўляецца магчымым.

16.25

Па словах Аляксандра Ластоўскага, цяпер з мужчынам вядуцца перамовы, яго упрошваюць злезці, каб працягнуць размову ў бяспечнай абстаноўцы. Стала вядомая сума, якую вінаватыя віцебчуку на працы, — каля 10 млн рублёў. 

Акрамя невядомага маладога чалавека на кране знаходзіцца і сам кранаўшчык. Невядома, як мужчына мог залезці на кран, бо там быў кранаўшчык. Магчыма, кранаўшчык у гэты час адыходзіў.

Да стадыёна «Дынама» прыбыла вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі. Яны забараняюць журналістам весці здымкі здарэння. Міліцыянты спярша забралі пашпарты ў журналістаў, аднак потым вярнулі дакументы.

Як паведаміў прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, асоба маладога чалавека ўстаноўлена — гэта 25-гадовы жыхар Віцебска. Ён — аддзелачнік, прыехаў у Мінск з Віцебскай вобласці, па месцы працы яму паўгода не выплочваюць заробак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?