Адказ на:

Велагоншчык Васіль Кірыенка: Беларуская мова — мёртвая, мне цікавей ведаць мову баскаў

* * *

Вы ведаеце, Вася, я не хачу марнаваць ваш і свой час на тлумачэнне неабходнасці вывучэння беларускай мовы. Калі вашы бацькі не справіліся, то куды ўжо мне? Нарэшце, гэта асабістая справа кожнага.

Мне проста няёмка, што вы, чалавек быццам бы недурны, сееце сваімі псеўдалінгвістычнымі заявамі абсалютную ерась, зусім дарма блытаючы людзей.

Вася, ну вы ж былі напэўна ў Краіне Баскаў. Капнулі б глыбей моўнае пытанне, замест таго, каб усе высновы рабіць выключна з Мікеля Ланды Міены.

Не, калі вам падабаецца мова баскаў, — вучыце яе на здароўе замест беларускай. Але толькі памятайце, што паводле афіцыйных звестак размаўляе на ёй зусім не 100% насельніцтва Краіны Баскаў, а толькі 27%. Гэта значыць, блізу сямісот тысяч чалавек. І гэта пры тым, што за апошнія дваццаць гадоў у сукупнасць захадаў, накіраваных на яе ажыўленне, было ўкладзена нямала сіл і сродкаў.

Не будзем дэталізаваць, што гэта былі за захады. Каб вам было больш зразумела, назавем іх проста «навязваннем». Дык вось толькі дзякуючы гэтаму «навязванню» адсотак знаўцаў баскскай мовы вырас хоць бы да 27 (ад 530 тысяч да 715). Цалкам не зразумела, з чаго вы ўзялі і навошта распавялі, што «больш за 2 мільёны чалавек хай не стала, але размаўляюць на эўскера, прынамсі, ведаюць сваю мову». Нават Інстытут баскскай культуры на ўласным афіцыйным сайце дае 700 тысяч.

У Беларусі, за выключэннем пачатку 90-х, не было ніякіх захадаў, ніякай маштабнай дзяржпраграмы развіцця мовы і ніякіх укладанняў. Пры гэтым паводле апошняга перапісу насельніцтва прыкладна палова насельніцтва нашай з вамі краіны (а не 27 адсоткаў) назвала роднай мовай «мёртвую» беларускую. А гэта 4 841 319 чалавек, Вася. Нават калі дзве траціны выдалі жаданае за сапраўднае, гэта ўсё адно больш, чым размаўляе на euskara.

З вамі і дачкой былі б 4 841 321, але вы высакародна выбралі ў якасці «карыснай» мову баскаў, якая вызначана мае патрэбу ў вас больш.

Зразумела, адна справа назваць, а іншае - ведаць. Але ж і ў Краіне Баскаў агульнанацыянальных дыктантаў не пісалі. Там таксама «людзі назвалі».

І баскская, і беларуская знаходзяцца ў ліку неабароненых моваў і сапраўды могуць калі-небудзь стаць мёртвымі (дарэчы, пачытайце, што насамрэч значыць «мёртвая мова», каб і ў гэтым пытанні не блытаць народ). Але наўпрост сёння беларуская мова абсалютна дакладна не больш мёртвая за баскскую. На мой погляд - нават месцамі больш жывая. Але гэта суб'ектыўны пункт гледжання, не буду вам яго навязваць.

А баскскую вы вучыце, вядома. І дачцэ парайце. Пасля школы спатрэбіцца. З якой доляй імавернасці, вы ўжо самі прыкіньце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?