Следчы камітэт пасля трохмесячнай праверкі вырашыў не пачынаць крымінальную справу па факце збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда Фрунзенскага раёна 25 студзеня. Следчы Сямён Піцко пагадзіўся з версіяй супрацоўнікаў міліцыі і адзначыў, што Дабравольскі сваімі дзеяннямі даў падставы лічыць сябе правапарушальнікам, а значыць прымяненне сілы да яго было апраўдана.

Пастанова пачынаецца з апісання інцыдэнту ў зале суда над графіцістаў, калі двух актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка вывелі адтуль пасля таго, як яны пачалі пратэставаць і скандаваць лозунгі.

У дакуменце СК адзначаецца, што Павел Дабравольскі «пракраўся» ў службовае памяшканне, куды вялі затрыманых, а таксама што ён быў «апрануты ў цывільную вопратку», на якой адсутнічалі якія-небудзь элементы, якія пацвярджаюць яго прыналежнасць да СМІ.

У сваіх паказаннях абодва актывісты і журналіст TUT.BY пацвердзілі, што супрацоўнікі міліцыі беспадстаўна збілі іх. Дабравольскі зазначыў, што паказаў сваё журналісцкае пасведчанне. Далей прыводзяцца вынікі судмедэкспертызы з мноствам зафіксаваных крывападцёкаў.

Адноўленая інфармацыя з мабільнага тэлефона Дабравольскага (які вёў запіс і ў памяшканні, дзе яго збілі), па ацэнцы СК, не ўтрымлівае ў сабе звестак, якія маюць значэнне для правядзення праверкі.

Па версіі супрацоўніка АМАПа Шышко А.А., Павел Дабравольскі схапіў іншага амапаўца Кавальчука за куртку, лаяўся нецэнзурнай лаянкай, выкрыкваў: «мянтоўскі праізвол». «У руках у яго не было ні відэакамеры, ні фотаапарата, адсутнічаў журналісцкі бэйдж прадстаўніка СМІ», — распавёў міліцыянер.

Таксама ён заявіў, што Дабравольскі супраціўляўся дзеянням супрацоўнікаў АМАПа і «у нейкі з момантаў, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу ў пакой для разбіральніцтваў». Паводле слоў Шышко, затрыманых ніхто не прыніжаў і не збіваў.

«Знаходзячыся ў пакоі, Дабравольскі П.П. паспрабаваў падняцца, пры гэтым размахваў рукамі. У мэтах супакоіць Дабравольскага П.П. ён (Шышко А.А.) і Пунчык П.В. прыціснулі яго да падлогі і завялі рукі за спіну. Лежачы на падлозе, Дабравольскі П.П. казаў, што ў супрацоўнікаў міліцыі будуць непрыемнасці па службе, што напіша артыкул у СМІ, які «наробіць шмат шуму».

Адзначым, што праз паўтара месяца гэты ж супрацоўнік АМАПа Шышко стаў сведкам па справе Уладзіміра Мацкевіча і сцвярджаў у судзе, што бачыў філосафа на акцыі пратэсту, калі той на самай справе быў у Варшаве.

Амапаўцы Кавальчук і Пунчык далі аналагічныя тлумачэнні. Апошні заявіў, што «фіксаваў Дабравольскага да падлогі», каб не дапусціць яго нападу на супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах Пунчыка, Дабравольскі «не жадаў супакойвацца, здзяйсняў актыўныя дзеянні целам і нагамі», а затым пагражаў распаўсюдзіць у інтэрнэце «ганячую супрацоўнікаў міліцыі інфармацыю». Амапавец сцвярджае, што журналіст TUT.BY да гэтага не заяўляў аб сваёй прыналежнасці да прэсы і не паказваў свайго пасведчання.

Міліцыянт дапускае, што Дабравольскаму маглі нанесці «нязначныя цялесныя пашкоджанні», калі яго прыціскалі да сцяны і фіксавалі на падлозе. Аднак ён адмаўляе, што карэспандэнту TUT.BY наносілі ўдары.

Затым да затрыманых прыбыў намеснік начальніка ГУУС Іван Кубракоў. Па дадзеных СК, актывісты і журналіст ніякіх прэтэнзій у адрас супрацоўнікаў міліцыі не выказвалі.

Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што міліцыянты дзейнічалі правамерна, спыняючы супрацьпраўныя дзеянні затрыманых.

«Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую прымяненнем у прадугледжаных заканадаўствам выпадках фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, калi нанесеная шкода суразмерна сіле пераадоленага процідзеяння», — адзначаецца ў пастанове.

Там жа сцвярджаецца, што Дабравольскі не праходзіў працэдуру рэгістрацыі ў якасці журналіста ў будынку Фрунзенскага раённага суда. Сам карэспандэнт адзначае, што яго зарэгістравала прэс-сакратар суда.

«Дабравольскі, спрабуючы зняць на відэакамеру мабільнага тэлефона акалічнасці затрымання Шыціка і Сяргея, а таксама актыўна перашкаджаючы супрацоўнікам міліцыі ў ажыццяўленні затрымання правапарушальнікаў, даў падставу і абгрунтаваныя падставы супрацоўнікам органаў унутраных спраў ўспрымаць яго як правапарушальніка».

Характар цялесных пашкоджанняў у Шыціка, Сяргея і Дабравольскага, на думку следства, аб'ектыўна ўпісваюцца ў карціну «спынення супрацьпраўных дзеянняў затрыманых», якую апісалі міліцыянты.

На падставе ўсяго гэтага СК вырашыў адмовіць у завядзенні крымінальных спраў у дачыненні да супрацоўнікаў АМАПа «за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства».

***

25 студзеня Павел Дабравольскі знаходзіўся ў будынку суда Фрунзенскага раёна, куды быў накіраваны рэдакцыяй TUT.BY для асвятлення судовага паседжання па «справе графіцістаў». Калі міліцыянты вывелі з залы судовых пасяджэнняў актывістаў Максіма Шыціка і Паўла Сяргея, журналіст пайшоў за імі, каб здымаць на відэа. Дабравольскага таксама схапілі і заштурхнулі разам з актывістамі ў кабінет. Па словах журналіста, на працягу хвіліны іх інтэнсіўна збівалі, затым на працягу каля 20 хвілін працягваліся рэгулярныя ўдары нагамі. Гэта суправаджалася лаянкай і пагрозамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?