У пасёлку Бараўляны Мінскага раёна пачалася высечка лесу побач з дамамі па вуліцы 40 гадоў Перамогі. Мясцовыя жыхары выступаюць катэгарычна супраць.

На месцы лесу павінна з'явіцца дажджавая каналізацыя. Цяпер для яе будаўніцтва расчышчаюць тэрыторыю. Плануюць высечы 550 дрэў.

Адлегласць новай канструкцыі ад дамоў — усяго 118 метраў. Жыхары дома № 34 кажуць, што дарога да новага аб'екта праходзіць літаральна за некалькі метраў ад іх пад'ездаў і дзіцячай пляцоўкі.

Як расказаў адзін з жыхароў названага дома, на грамадскім абмеркаванні мясцовыя жыхары выступілі катэгарычна супраць будаўніцтва ў гэтым месцы. Яны накіравалі звароты ў Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру і Мінскі аблвыканкам. На думку жыхароў пасёлка, праекціроўшчыкі не ўлічылі пытанні экалагічнай бяспекі.

Нягледзячы на тое што адказы з дзяржорганаў заяўнікі пакуль не атрымалі, супрацоўнікі Бараўлянскага лясгаса ўжо пачалі высечку лесу. Паводле слоў відавочцаў, за два дні спілавалі каля 100 дрэў.

«Мы маем намер і далей пратэставаць. Сёння, 28 красавіка, высечку прыпынілі пасля таго, як падышлі незадаволеныя людзі, — заявіў жыхар дома № 34. — Мы хочам захаваць лес і не дапусціць будаўніцтва дажджавой каналізацыі каля жылых дамоў. Ліўневую каналізацыю маглі б зрабіць за лесам у полі ці бліжэй да дарогі. Але ўлады не хочуць чуць жыхароў пасёлка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?