У Венесуэлы, якая другі год перажывае вельмі жорсткі эканамічны крызіс, не засталося грошай нават на тое, каб расплаціцца па рахунках за друк мясцовай валюты. У выніку ў дзяржаве з гіперінфляцыяй могуць знікнуць купюры. Bloomberg апытаў некалькі крыніц — як унутры краіны, так і за яе межамі, — каб разабрацца, як Венесуэла збіраецца жыць без грошай.

У гады высокіх коштаў на нафту вырабляць балівар унутры Венесуэлы было нявыгадна, таму ўрад размяшчаў замовы ў манетных дварах па ўсім свеце і ўвозіў уласную валюту самалётамі. У разгар эканамічнага крызісу нічога не змянілася — толькі самалёты з грашыма сталі лётаць у Каракас нашмат часцей, а ва ўрада не засталося валюты, каб аплаціць друк балівараў.

Цяпер самая буйная купюра ў Венесуэле — 100 балівараў. На іх можна купіць хіба што цыгарэту ў шапіку; для больш буйных выдаткаў прыходзіцца насіць з сабой мяшкі грошай. Інфляцыя ў 500% гадавых іх хутка абясцэньвае; пры гэтым ні дэнамінацыі, ні ўводу новых купюр большага наміналу ў Венесуэле пакуль не чакаецца.

Першыя прыкметы дэфіцыту нацыянальнай валюты паўсталі ў Венесуэле яшчэ ў 2014 годзе. Перад выбарамі ў кангрэс 2015 года Каракас размясціў замову на 2,6 мільярда новых банкнот у брытанскай кампаніі De La Rue, французскай Oberthur Fiduciaire і нямецкай Giesecke & Devrient.

У канцы 2015 года Венесуэла павялічыла замову да 10 мільярдаў банкнот. Для параўнання: ЗША друкуе 7,6 мільярда банкнот у год, пры тым што аб'ёмы эканомікі ЗША і Венесуэлы непараўнальныя.

Значная частка замовы дасталася De La Rue, але тут і высветлілася, што плаціць Венесуэле няма чым. Паводле неафіцыйных дадзеных, Каракас павінен брытанскай фірме 71 мільён долараў, і яна вымушана будзе апавясціць акцыянераў, што доўг не гасіцца.

Крыніцы Bloomberg паведамляюць, што перабоі з аплатай рахункаў у Венесуэлы паўсталі яшчэ ў чэрвені 2015 года. Такім чынам, калі Каракас павялічваў сваю замову, манетныя двары ўжо ведалі, што ён, магчыма, будзе не ў стане заплаціць. У выніку яны прапанавалі Каракасу надрукаваць у агульнай колькасці толькі 3,3 мільярда банкнот. Па звестках Bloomberg, пасля гэтага ЦБ Венесуэлы пачаў шукаць новых партнёраў і, у прыватнасці, правёў перамовы з расійскім Газнакам. Чым яны скончыліся, невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?