Літаратура1313

Лаўрэатка «Дэбюту» Святлана Рогач: Тое, што ў нас у краіне двухмоўе — гэта цікава

Перакладчыца Святлана Рогач сёлета адзначылася як лаўрэатка прэміі «Дэбют» у намінацыі «Пераклад». З «Нашай Нівай» Святлана падзялілася думкамі пра беларускае літаратурнае жыццё, распавяла, як стала перакладчыцай і чаму ніколі не будзе працаваць у школе.

«Наша Ніва»: Спачатку раскажыце пра сябе трошкі. Адкуль вы?

Святлана Рогач: Я сама з Вілейкі, з сям’і настаўнікаў гісторыі. Уся сям’я гуманітарыі. Адвучылася там у школе, потым — у Мінску, у філалагічным класе ліцэя БДУ. Затым паступіла ў БДУ на філфак. Вывучала асноўнай мовай польскую. Другой выбрала чэшскую.

«НН»: А чаму вырашылі паступаць менавіта на філфак? У плане грошай у Беларусі трэба выбіраць іншыя спецыяльнасці. Я думаю, вы ўжо разумелі гэта, калі паступалі.

СР: Я разумела таксама, што калі стану эканамістам, то буду бяздарным эканамістам. Пайду ў IT — стану бяздарным айцішнікам. А калі займуся мовамі, то, можа быць, з мяне атрымаецца добры філолаг.

«НН»: І атрымаўся?

СР: Ну, хочацца ў гэта верыць. Я шмат для гэтага працавала, скажам так.

«НН»: Добра. А што ўразіла дзяўчынку з Вілейкі ў Мінску, калі вы перабраліся ў сталіцу?

СР: У Мінску я бывала і раней, таму горад, скажам так, ужо не быў для мяне якімсьці незвычайным. А ў ліцэі БДУ больш за ўсё мяне ўразіў узровень адукацыі. Непараўнальна, вядома, з гімназіяй у Вілейцы, дзе я вучылася.

«НН»: А бацькі вас не адгаворвалі пераязджаць у Мінск?

СР: Не, наадварот — падтрымлівалі.

«НН»: Калі вы паступалі, то як выбіралі спецыяльнасць? І чаму?

СР: Я заўсёды цікавілася славянскімі мовамі. Тым больш, баялася, што англійскую я, шчыра кажучы, не пацягну. А на філфаку такая сістэма, што не кожны год можна паступіць на любую мову. У той год, калі паступала я, была толькі польская са славянскіх моваў.

А калі я выбірала дадатковую мову, то выбар быў. Вырашыла ўзяць чэшскую ў дадатак да польскай, бо яна таксама заходнеславянская, і плюс — у галаве быў такі рамантычны прыгожы вобраз гэтай краіны. Хаця да таго я ў Чэхіі не бывала.

«НН»: А калі вы вырашылі стаць перакладчыцай? Яшчэ падчас вучобы?

СР: Ну… Ва ўніверсітэце ў мяне не было такога дакладнага плану на жыццё. У мяне яго і цяпер, шчыра кажучы, няма. Але думала, што, можа быць, застануся выкладчыцай у БДУ. Атрымалася, праўда, па-іншаму. Я цяпер працую ў прыватнай фірме, выкладаю на курсах польскай мовы.

«НН»: А вярнуцца ў Вілейку не думалі?

СР: Не — там няма работы. Хіба толькі ў школе, і то не заўсёды. А ў школе я працаваць не хачу, ані ў Вілейцы, ані ў Мінску. Мае бацькі, настаўнікі, ад любой працы ў школе мяне таксама вельмі моцна адгаворвалі. Наша школа сёння, мякка кажучы, у стане крызісу.

«НН»: У плане ведаў ці ў плане грошай?

СР: Ва ўсіх планах, я баюся. У плане кіраўніцтва таксама. Наколькі я ведаю ад бацькоў, любыя змены ў міністэрстве адукацыі — напрыклад, калі мяняецца міністр — цягнуць за сабой нейкія рэформы і эксперыменты на дзецях. Змены ў праграме, усякае такое… Я часткай гэтага быць не хачу. Ды і не хачу мяняць свае погляды, прасоўваць нейкую ідэалогію ці штосьці такое. Мне гэта не цікава.

«НН»: А калі вярнуцца да перакладніцкай дзейнасці — калі ўсё ж пачалі і чаму?

СР: У прынцыпе, мне заўсёды здавалася, што я буду перакладчыцай, яшчэ ў школе я так думала. Не пісьменніцай — ствараць штосьці новае мяне не так вабіла. Можа, ад недахопу крэатыву… А вось перакладаць падабалася: калі штосьці, што існуе на адной мове, пачынае існаваць на іншай, нібыта такое самае, але ў той жа час рознае… Гэта я люблю.

Больш-менш сур’ёзна я пачала перакладаць на другім курсе, калі вучыла чэшскую. У мяне выкладаў Сяргей Сматрычэнка, вядомы ў багемістыцы чалавек, куратар кніжнай серыі «Чэшская калекцыя». Ён мне прапанаваў перакласці невялікае апавяданне ў якасці курсавой. Я зрабіла, яму, здаецца, спадабалася. Пасля ён яшчэ даваў мне заданні… І потым я пачала перакладаць для «Чэшскай калекцыі».

Таксама перакладала з польскай і славацкай для часопісаў «Arche» і «Макулатура». Славацкую вельмі лёгка разумець, калі ўжо ведаеш чэшскую і польскую. Таксама некалькі маіх перакладаў выйшла ў інтэрнэт-часопісе «Прайдзісвет».

«НН»: Наадварот — з беларускай на чэшскую — таксама перакладаеце?

СР: Не. Тут трэба надта добра ўжо ведаць мову, быць у ёй. Лепш, каб гэта ўсё ж рабілі носьбіты мовы. Бо пэўныя адценні, тонкасці — гэта зусім іншы ўзровень ведання мовы. Для гэтага ўвогуле лепш пажыць працяглы час у краіне. Проста ведаць мову на акадэмічным узроўні, каб перакладаць з яе — дастаткова. Каб перакладаць на яе — не.

«НН»: А за сучаснай беларускай літаратурай сочыце?

СР: Стараюся. Але не заўсёды хапае часу.

«НН»: Падабаецца штосьці?

СР: Ой, складана адказаць… Ведаеце, мне вельмі сорамна, але апошнім часам я чытаю не беларускую літаратуру, а замежную на беларускай мове. Я ведала, што вы мяне пра гэта спытаеце і адмыслова сёння глянула на сваю палічку. Кніг на беларускай там шмат, але гэта не беларусы (усміхаецца). Я больш сачу за перакладамі на беларускую.

«НН»: Хто з беларускіх пісьменнікаў варты перакладу, на ваш погляд?

СР: А ўсіх, хто варты, пераклалі. Караткевіч, Бахарэвіч таксама, здаецца… Наталка Бабіна.

«НН»: А за чэшскай, славацкай літаратурай сочыце?

СР: Стараюся, штосьці набываю, калі трапляю ў Чэхію, Польшчу ці Славакію… Але сістэматычна адсочваць не атрымліваецца.

«НН»: А як тады вы выбіраеце чарговую «ахвяру» для перакладу?

СР: Чытаю кнігі. Спадабалася — задумваюся. Сачу за прэміямі, самая знакамітая з якіх у Чэхіі — «Магнэзія Літэра», за бестсэлерамі. Пераклады для «Чэшскай калекцыі» пераважна прапаноўвае Сяргей Сматрычэнка, куратар.

«НН»: А параўнаць беларускае і чэшскае літаратурнае жыццё можаце?

СР: Адрозненняў шмат. Па-першае, у нас жа двухмоўе, хтосьці піша па-беларуску, хтосьці па-руску.

«НН»: А гэта добра ці дрэнна?

СР: Гэта? Гэта цікава.

Але ў Чэхіі літаратурнае жыццё больш інтэнсіўнае, нягледзячы на тое, што краіны больш-менш параўнальныя. Увогуле, з беларускай літаратурай ніколі не было проста. Таму добра, што яна сёння ёсць якая ёсць.

«НН»: А калі параўнаць прэміі? Чэшскую «Магнэзію Літэру» і беларускага «Гедройця»?

СР: Тут справа ў чым — ці гэта нармальна, што самая вядомая беларуская прэмія выдаецца на грошы з-за мяжы? Вось яна, спецыфіка беларускай сітуацыі. Але зноў жа, добра, што хоць «Гедройц» ёсць.

«НН»: А цікавасць, якую выклікаюць лаўрэаты ў Беларусі і ў Чэхіі адпаведна?

СР: Чэшская пісьменніца Катэржына Тучкава, якую я перакладала, якраз атрымала некалькі прэмій за раман «Жыткаўскія багіні». Але і там сам твор вельмі добры, яго папулярнасць, думаю, залежыць не толькі ад прэмій… але тыраж — 100 тысяч. То бок, прыкладна кожны соты чэх яе набыў.

«НН»: А ў нас лаўрэаты Гедройца выходзяць накладам у некалькі соцень.

СР: Ну, можа, каб людзі больш гаварылі па-беларуску, то і наклад быў бы іншы… Але, не ведаю… Мне здаецца, ў нас нейкі агульны гуманітарны крызіс, які пачынаецца яшчэ з адукацыі, калі там скарачаюць гадзіны на мову і літаратуру пастаянна, а саму мову вучаць толькі для таго, каб здаць ЦТ. А потым жа на мову забываюцца, і на беларускую, і на рускую — кожны піша як хоча. А чытаць кніжку — гэта штосьці такое ўжо старамоднае… Не заўсёды, вядома, так лічаць, але вельмі ўжо часта.

«НН»: А хто вінаваты ў гэтым? Школа?

СР: Гэта ідзе з такога агульнага гуманітарнага крызісу, калі такія рэчы, як літаратура, становяцца людзям мала патрэбнымі. Людзей вучаць быць айцішнікамі, інжынерамі, бо гэта грашовыя прафесіі. А гуманітарную сферу не развіваюць.

«НН»: А хто павінен яе развіваць?

СР: Ой, я не ведаю. Але, напэўна, штосьці павінна ісці з сям’і, а штосьці са школы. Было б добра, калі хаця б не скарачалі гадзіны літаратуры ў школе і не выкідвалі сусветную літаратуру з праграмы.

«НН»: Дарэчы, працягваючы пра наклады — вашыя пераклады таксама выходзяць адносна невялікімі накладамі. Няма адчування, што вы працуеце «ў стол»?

СР: Бывае. Але вось Тучкаву, здаецца, купляюць. Вось ужо выдалі другі наклад. Хтосьці чытае.

«НН»: А колькі вы працуеце над перакладам раману?

СР: Год. Але я яшчэ ў вельмі добрых умовах. Чэшскае Міністэрства культуры выдзяляе грошы, я атрымліваю ганарар. А вось яшчэ і атрымала прэмію. Вельмі файна атрымліваць грошы, прэмію за тое, што я, напэўна, рабіла б і так.

«НН»: Раскажыце пра «Дэбют». Вы першы раз падаваліся на прэмію?

СР: Першы. Але насамрэч, я не падавалася. Не ведаю, хто гэта зрабіў. Хутчэй за ўсё, Сматрычэнка, але дакладна не скажу. Я даведалася, што мяне намінавалі, калі ўжо ўвайшла ў чацвёрку фіналістаў.

«НН»: Хацелася выйграць?

СР: Хацелася… Але я ўжо разумела, што мае шансы неблагія, бо адразу два мае пераклады ўвайшлі ў шорт-ліст. Калі атрымала прэмію — было вельмі прыемна, безумоўна. Зноў жа, больш людзей даведалася пра тое, чым я займаюся. Трохі паўплывала і на продаж маіх перакладаў.

«НН»: Бацькі павіншавалі?

СР: Так. Мама нават прысутнічала на ўручэнні. Сям’я маю перамогу ўспрыняла вельмі пазітыўна. Мяне «запаважалі» ў сям’і, бо некаторыя са сваякоў думалі, што я абы-чым займаюся, замест таго, каб прыватнае жыццё наладжваць. А цяпер нарэшце зразумелі, што гэта складаная праца. Грошы людзей пераконваюць (смяецца).

«НН»: А той скандал, звязаны з тым, што пераможцы ў намінацыі «Паэзія» не было? Як вы да яго ставіцеся?

СР: Я не ведаю, што я б адчувала на месцы намінантаў. Але я разумею, што ў мінулыя гады ўзровень намінантаў быў вышэйшы. Таму прыняць рашэнне, якое прынялі, журы цалкам мела права.

«НН»: А вы б пачалі скандаліць, калі б трапілі ў такую сітуацыю?

СР: Не. Прэмія — рэч, якую трэба ўспрымаць як падарунак. Ніхто не абавязаны яе табе даваць.

* * *

Святлана Рогач нарадзілася ў 1989 годзе на Вілейшчыне. Скончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (2011), вывучала польскую і чэшскую мовы.

Перакладае з польскай, чэшскай і славацкай. Сярод перакладзеных аўтараў — Эда Крызэова, Пэтр Шабах, Павел Вілікоўскі, Роберт Мэнасэ, Імрэ Кертэс і інш.

Жыве ў Мінску.

Адна з пераможцаў перакладчыцкага конкурсу «Ператвор» (2012).

У сакавіку 2016 года атрымала прэмію імя Максіма Баглановіча «Дэбют» — за пераклад кнігі «Жыткаўскія багіні» чэшскай пісьменніцы Катэржыны Тучкавай.

Каментары13

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць