«Задача транспартнай сістэмы - перасоўванне людзей, а не транспартных сродкаў», - гэта адна з вядомых цытат прафесара Пенсільванскага ўніверсітэта Вукана Вучыка.

Удзельнікі семінара «Новыя інструменты інтэграванага гарадскога і транспартнага плавання», які прайшоў у Мінску, абмяркоўвалі, як пераходзіць ад традыцыйнага планавання да інавацыйных падыходаў. Адным з замежных гасцей сустрэчы быў Джэром Сімпсан, старэйшы эксперт праграмы «Разумныя гарады і мабільнасць» (Будапешт, Венгрыя).

Ён распавёў пра сусветныя трэнды ў сферы гарадскога мабільнасці, якія могуць быць актуальныя і для Беларусі.

Адмова ад бензіна і дызеля

«Некаторыя мэты, якія можна звязаць з устойлівай гарадской мабільнасцю, надзвычай амбітныя - напрыклад, адмовіцца ад традыцыйнага паліва ў гарадах. Гэта значыць, мы павінны перайсці электрамабілі ці альтэрнатыўныя віды паліва. Праграмы па пераходзе на новыя віды паліва будуць распрацаваныя ўсімі гарадамі Еўрасаюза да канца 2016 года», - расказаў Джэром Сімпсан.

Рэгуляванне ці абмежаванне доступу ў цэнтр горада

Адным са шляхоў развіцця гарадской мабільнасці Джэром Сімпсан бачыць рэгуляванне ці абмежаванне доступу ў цэнтр гарадоў.

Дарэчы, падчас семінара выступоўцы згадвалі падобную ідэю для рэалізацыі ў Мінску. Пасля заканчэння будаўніцтва першага транспартнага кола можа быць абмежаваны транзітны рух аўтамабіляў па вуліцы Няміга.

Таксама абмяркоўвалася пытанне аб абмежаванні руху грузавых аўтамабіляў у цэнтры Мінска ў буднія дні.

Выкарыстанне ровараў, у тым ліку грузавых

Эксперт Джэром Сімпсан некалькі разоў узгадваў карысць ад развіцця веласіпеднага руху. Паводле статыстыкі, прыведзенай ім, тыя, хто рэгулярна ездзіць на ровары, жывуць на 2 гады даўжэй і бяруць на 15% менш бальнічных.

Аднак апроч таго, эксперт надае асаблівую ўвагу свабоднаму перасоўванню тавараў і паслуг у буйных гарадах. На яго думку, усё больш важную ролю будуць адыгрываць грузавыя веласіпеды. Яны каштуюць нашмат танней за матарызаваныя віды транспарту і пры гэтым не забруджваюць паветра і не патрабуюць ніякага паліва.

«Ад 51% да 68% усёй гарадской лагістыкі можа быць выкарыстана з дапамогай ровараў звычайны ці грузавых», — перакананы Джэром Сімпсан. Гэта скароціць колькасць грузавікоў у цэнтры горада.

Сумеснае выкарыстанне аўтатранспарту

Гэта адзін з трэндаў на Захадзе. Выкарыстанне аўтамабілю, у салоне якога знаходзіцца толькі адзін кіроўца, стварае лішні трафік і б’е па экалогіі.

Практыка «кар-шэрынгу» (сумеснага выкарыстання аўто) шырока распаўсюджана ў большасці краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, яна значна зніжае выдаткі падарожнікаў і дапамагае захаваць навакольнае асяроддзе.

Развіццё чыгуначнага і воднага транспарту

На думку эксперта, пасажырскія і грузавыя перавозкі мусяць на 50% перайсці з аўтатранспарту на чыгунку і водны транспарт.

Якую выгаду атрымае грамадства ад рэалізацыі гэтых прапаноў і далейшага развіцця ўстойлівай гарадской мабільнасці?

* * *

Эксперт Джэром Сімпсан мяркуе, што перавагі будуць мець розныя сацыяльныя і эканамічныя групы. Людзі змогуць зашчадзіць грошы, калі ходзяць пешшу ці карыстаюцца веласіпедам альбо грамадскім транспартам, а не асабістым аўтамабілем.

Эканамічны сектар, у тым ліку транспартыя кампаніі, атрымаюць большую колькасць кліентаў. Таксама будуць мець попыт распрацоўка прыладаў мабільнасці і экалагічных ініцыятыў.

Нарэшце, грамадства атрымае лепшае экалагічнае асяроддзе і эканомію ў сферы аховы здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?