30 красавіка ў Мінску прайшоў велакарнавал «Viva ровар». Арганізатары паведамілі, што ў анлайн-рэгістрацыю прайшлі каля сямі тысяч заявак. 

Мерапрыемства пачалося ў Парку Перамогі, і яго было цяжка не заўважыць. Тэрыторыя парку была ачэпленая стужкамі і іншымі абмежаваннямі, а кожныя 10-15 метраў стаяў вайсковец унутраных войскаў, які сачыў, каб ніхто не прабег без вобшуку.

Каб патрапіць на мерапрыемства, па традыцыі трэба было прайсці надгляд супрацоўнікаў міліцыі. Даглядвалі вельмі пільна, маглі нават папрасіць зняць галаўны убор, каб там не было нічога схавана. Пасля дагляду кожнага, хто ўвайшоў, фіксавала камера. Каго баяцца супрацоўнікі правахоўных служб на такім бязкрыўдным мерапрыемстве — невядома. 

У цэлым удзельнікі велакарнавалу паставіліся да мерапрыемства даволі крэатыўна. Можна было ўбачыць шмат касцюмаў, масак, нацыянальных рэчаў.

Людзі пераважна прыходзілі кампаніямі. Хоць са сцэны гучалі кавер-бэнды, а вядучыя прасілі гучна папляскаць Гарвыканкаму і Міністэрству спорта за арганізацыю мерапрыемства, людзі размаўлялі паміж сабой, рабілі сэлфі, для многіх гэта была нагода сустрэцца разам.

Для таго, каб калона змагла рушыць да «Мінск-Арэны», быў перакрыты рух з абодвух бакоў. Ззаду і спераду калону суправаджалі машыны ДАІ і хуткай дапамогі. 

Калона была настолькі вялікая, што для таго, каб перайсці дарогу, трэба было пачакаць каля 20 хвілін. 

Мінакі падтрымлівалі удзельнікаў апладысментамі. А самі раварысты падчас таго, як ехалі, рабілі сэлфі, дурэлі, нехта нават спрабаваў выконваць нейкія трукі.

Ужо праз 15 хвілін пасля таго, як ад'ехалі апошнія раварысты ў калоне, можна было пабачыць пачатак калоны раварыстаў, якія вяртаюцца. 

Людзі самаарганізавана рушылі, ніхто нікога не абражаў, не штурхаў. Сапраўды, просты велакарнавал стаў святам для беларусаў і зрабіў іх трохі больш шчаслівымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?