01.05.2016 / 10:34

Мінскія валейбольныя каманды сталі чэмпіёнамі краіны

«Будаўнік» і «Мінчанка» заваявалі тытулы чэмпіёнаў краіны-2016.

Пераможца галоўнага рэспубліканскага турніру ў мужчын вызначыўся за дзень да заканчэння чэмпіянату. 29 красавіка «Будаўнік» перайграў асноўнага канкурэнта ў барацьбе за залатыя медалі барысаўскі БАТЭ-БДУ (3:1) і стаў 7-разовым чэмпіёнам краіны. Прычым усе свае тытулы падапечныя Аляксандра Сінгаеўскага выйгралі запар. У заключным матчы 4-га фінальнага тура, які праходзіў у Мінску, «Будаўнік» атрымаў перамогу над салігорскім «Шахцёрам» (3:1). Такім чынам, мінчане атрымалі залатыя ўзнагароды, БАТЭ — срэбныя, «Шахцёр» — бронзавыя.

У заключных матчах жаночай фінальнай чацвёркі лёс залатых узнагарод вырашаўся на сустрэчы «Мінчанкі» і брэсцкага «Прыбужжа». У выніку золата ва ўпартай барацьбе здабыла «Мінчанка», срэбным прызёрам стала «Жамчужына Палесся», бронзавым — «Прыбужжа».

Апошні раз «Мінчанка» станавілася чэмпіёнам у 2010 годзе. Адзначым, што валейбольны клуб «Мінск», у склад якога ўваходзяць «Будаўнік» і «Мінчанка», сёлета святкуе 10-годдзе з моманту заснавання.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру