Юры Захаранка

«Маладыя дэмакраты» — за вуліцу Захаранкі

Дзьве тысячы ўлётак з прапановай перайменаваць вуліцу Жукоўскага ў Менску ў вуліцу Юрыя Захаранкі распаўсюдзілі сёньня актывісты моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Намесьнік старшыні арганізацыі Аляксандар Сяргеенка расказаў:

«Мы раздавалі ўлёткі і кідалі іх у паштовыя скрыні на вуліцы Жукоўскага, дзе ў доме № 9 жыў былы міністар унутраных справаў Беларусі, сябра нашай партыі Юры Захаранка.

Давялося размаўляць з жыхарамі гэтага дома. І было прыемна пачуць, што яны дагэтуль памятаюць генэрала. Але людзі кажуць, што пры гэтай уладзе таямніца зьнікненьня экс‑міністра ня будзе раскрытая. Разам з тым яны перакананыя: гэтую таямніцу назусім не схаваеш — пройдзе час, і заказчыкі гэтага выкраданьня стануць вядомыя».

Аляксандар Сяргеенка сказаў, што акцыя прайшла без эксцэсаў. «Маладыя дэмакраты» прысьвяцілі яе 9‑й гадавіне зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

Былога міністра ўнутраных справаў генэрал міліцыі Юрыя Захаранку выкралі ўвечары 7 траўня 1999 году непадалёк ад уласнага дому.

Паводле: Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0