«Літаратура і мастацтва» зноў намёкамі загаварыла пра русіфікацыю.

Тэмы палітычных свабодаў ці правільнасьці эканамічнага курсу застаюцца забароненымі да абмеркаваньня ў дзяржаўнай прэсе. Ня знойдзеш там інфармацыі, колькі мультфільмаў пераклалі на беларускую мову за 12 гадоў. На гэтым фоне сьмелай выглядае ўжо сам факт дыскусіі ў лукашэнкаўскай газэце «Літаратура і мастацтва» на тэмы становішча беларуска‑ і расейскамоўных літаратараў у Беларусі.

Спачатку ў №3 «ЛіМу» (18 студзеня) прадстаўніца магутнага клану Шамякіных Марыя выказвае заклапочанасьць станам беларускай мовы ў Беларусі. «Можа, таму і гібее беларуская мова, што яна зрабілася інструмэнтам для аналізу самой сябе?» — пакручаста ставіць пытаньне яна. «Калі беларуская літаратура не павінна быць абавязкова і выключна беларускамоўнай, бо такой ніколі і не была, то беларускае тэлебачаньне якраз павінна гучаць па‑беларуску, а ў нас — усё наадварот», — кажа спадарыня Шамякіна ў сваім артыкуле, вымушаная прыкрываць свой горкі пратэст супраць татальнай русіфікацыі клопатам пра… узбагачэньне літаратуры Беларусі «за кошт твораў небеларускамоўных, а ў першую чаргу — рускамоўных пісьменьнікаў».

Ня вытрымаў Леанід Галубовіч — калісьці геніяльны паэт, а цяпер штатны крытык зацуглянага «ЛіМу». Рэцэнзуючы Ізяслава Катлярова, Л.Галубовіч (№5, 1 лютага) зьвяртаецца да дасьледчыка расейскамоўнай літаратуры Беларусі Анатоля Андрэева: «Інстынкт нацыянальнага захаваньня перасіліць рэфлексіі самавынішчэньня. І як вы, спадар Андрэеў, не назавіцеся — беларускім рускамоўным літаратарам ці рускім літаратарам Беларусі — вы ўсё адно будзеце ў гэтай дзяржаве і ў гэтага чытача другасным літаратарам». На думку Л.Галубовіча, гэтая другаснасьць не зьвязаная ані зь якасьцю, ані з тэматыкай твораў расейскамоўных літаратараў, але выключна з тым фактам, што ў Беларусі яны пішуць па‑расейску.

Зараз жа да дыскусіі далучыўся студэнт Сяргей Макарэвіч (№6, 8 лютага). Што не дазволена Юпітэру, тое дазволена студэнту. Ён напісаў прама: расейскамоўныя пісьменьнікі набылі ў Беларусі шырокую аўдыторыю ў выніку савецкай палітыкі. У пытаньні «рускай»/»рускамоўнай» літаратуры Беларусі ён схіляецца да апошняга азначэньня.

Тут не змаўчалі «рускамоўныя» аўтары. У сваім артыкуле (№11, 14 сакавіка) Юры Фатнеў заступаецца за А.Аўруціна, параўноўваючы расейскую паэзію ў Беларусі зь Нямігай, загнанай у трубы. На ягоную думку, калі гэтая «Няміга» й прарываецца, некаторыя прагнуць зноў загнаць яе ў трубу. «Творчасьць найбуйнейшых рускіх паэтаў замоўчваецца гадамі. Затое шырока адзначаюцца стогадовыя юбілеі вясковых графаманаў, якія рыфмавалі так: «Гэта ж не Эма — цэлая паэма», — сьцьвярджае аўтар.

Анатоль Андрэеў у тым жа нумары газэты параўноўвае погляды Л.Галубовіча з «кодэксам літаратурнага скінхэдзіка» і называе расейскую літаратуру «фактарам разьвіцьця, а, магчыма, і гарантыяй існаваньня беларускай літаратуры». «Ці ўпэўнены ЛеГАЛ, што ён робіць беларускай літаратуры і культуры неацэнную паслугу, заганяючы іх у ізаляцыянізм?» — піша А.Андрэеў.

Аўтары дыскусіі ужываюць не навуковыя (недаступныя) ці палітычныя (несанкцыянаваныя), а амаль выключна публіцыстычныя аргумэнты, часта эўфэмізмы і намёкі. Так, у №12 (ад 21 сакавіка) Ціхан Чарнякевіч сьцьвярджае, што «беларускі нацыянальны код сьцерты яшчэ некалькі пакаленьняў таму». Ц.Чарнякевіч бароніць Л.Галубовіча, называючы яго «летуценьнікам», якому «зусім не культуралягічна баліць (??) гэта ўсё, таму і вырваліся такія жорсткія (sic!) словы». «І такіх, каму баліць, ня надта многа, — піша сп.Чарнякевіч, — але менавіта яны ўжо сто гадоў ствараюць ex nihilo беларускі дыскурс, нягледзячы ні на што. І толькі дзякуючы ім на вуліцы ўжо можна часам (sic!) пачуць беларускую мову». Аўтар, вядома, ня хоча дазволіць сабе меркаваньне, чаму ўкраінскую мову на вуліцах Кіева ці літоўскую на вуліцах Вільні можна пачуць ужо і ня часам.

Урэшце, у бой уступіла цяжкая артылерыя савецкае школы — акадэмік Уладзімер Гніламёдаў, а таксама паэт Юрась Пацюпа (абодва — у №15).

На думку акадэміка, «і рускамоўнай, і рускай літаратуры Беларусі бракуе моўнага асяродзьдзя, народнай моўнай стыхіі». Асьцярожны акадэмік заклікае літаратараў да яднаньня. «Дый навошта нам — рускамоўным і беларускамоўным пісьменьнікам — дзяліцца? У нас агульная зямля, агульныя жыцьцёвыя каштоўнасьці, агульныя радасьці і праблемы…» — сьцьвярджае ён.

Юрась Пацюпа лічыць другаснасьць таленту і другаснасьць культурнай прыналежнасьці прынцыпова рознымі рэчамі. «Купала і Колас менш слынуць, толькі мы іх не прамяняем — ні на Міцкевіча, ні на Шэксьпіра, ні на Бродзкага…», — мяркуе аўтар. Сп.Пацюпа лічыць другаснай на тэрыторыі Беларусі саму расейскую мову, якая бытуе тут ня больш за дзьвесьце гадоў. На думку аўтара, у расейскамоўных талентаў, накшталт Шклярэўскага, няма канфлікту зь беларускай літаратурай. «Але, падобна, некаторыя «тутэйшыя рускамоўныя», не зыскаўшы ляўраў ані Борхеса, ані Шклярэўскага, надумаліся стаць клясыкамі больш пакручыстым спосабам — правёўшы «зачистку» беларускіх земляў ад беларускамоўных «графаманаў», — грыміць сп.Пацюпа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?