Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп заявіў, што рана ці позна ЗША будуць вымушаныя страляць па расейскіх знішчальніках, якія лётаюць у небяспечнай блізкасці ад амерыканскіх караблёў і самалётаў.
Reuters
Пра гэта Трамп заявіў у інтэрв'ю адной з радыёстанцый, каментуючы нядаўні выпадак з расейскім самалётам, які зрабіў «бочку» ля амерыканскага самалёта, піша BuzzFeedNews.
«Было б нармальным, калі б прэзідэнт, скажам, Абама, патэлефанаваў Пуціну і сказаў: «Слухай, зрабі ласку, не рабі гэтага больш, спыні таго маньяка». Але ў нас няма такога роду прэзідэнта», — заявіў Трамп.
Ён дадаў, што рана ці позна такую сітуацыю (з паводзінамі расійскіх самалётаў) будзе немагчыма прыняць, і «ў пэўны момант вы павінны зрабіць нешта».
Трамп дадаў, што калі дыпламатыя не будзе працаваць, ЗША павінны будуць адкрыць агонь.
Як вядома, у міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам расійскі знішчальнік Су-27 здзейсніў небяспечны манеўр побач з самалётам-выведнікам ВПС ЗША RC-135.
Расійскі знішчальнік выканаў «бочку» (паварот вакол падоўжнай восі на 360 градусаў з захаваннем кірунку палёту) на адлегласці каля 30 метраў ад амерыканскага самалёта.
У Вашынгтоне заявілі, што лічаць такі манеўр непрафесійным і вельмі небяспечным.