У Фрунзенскім судзе Мінска пачаліся судовыя спрэчкі па справе жыхара Наваполацка, добраахвотніка «Правага сектару» Тараса Аватарава, якому выставілі абвінавачанне ў незаконных дзеяннях са зброяй і правозе выбуховага прыстасавання празь мяжу.

Пракурор Аляксандр Мірончык у спрэчках заявіў, што віна Тараса Аватарава ў гэтых злачынствах падчас судовага следства была цалкам даказаная. Пракурор спаслаўся на паказанні сведак-міліцыянтаў, які затрымалі Аватарава на чыгуначным вакзале Мінска ў лістападзе мінулага года. Тады ў Тараса Аватарава знайшлі бронекамізэльку, сігнальны пісталет Макарава і ручную асколачную гранату ў самаробнай зборцы з запалам.

Паводле экспертаў, на якіх спаслаўся пракурор, граната была гатовая для выбуху, што магло прывесці да ахвяраў на плошчы некалькі дзясяткаў квадратных метраў. Тое, што Аватараў правёз гранату праз мяжу, паводле пракурора, даказваюць ягоныя паказанні пасля затрымання і падчас следства, а таксама акалічнасці перасячэння ім мяжы і паказанні сведак, з якімі ён ехаў у адным аўтамабілі.

Тарас Аватараў правоз гранаты праз мяжу ў судзе не прызнаў. Паводле Аватарава, гранату ён знайшоў у аўтамабілі на сваіх рэчах ужо ў Гомелі. Незаконныя дзеянні з гранатай на тэрыторыі Беларусі Тарас Аватараў прызнаў часткова — ён па-ранейшаму не лічыць, што граната была баявая, і называе яе «сігнальнай».

Пракурор папрасіў для Аватарава 4 гады зняволення паводле 2 часткі 295 артыкула КК і 4 гады паводле 2 часткі 228 артыкула КК, а склаўшы гэтыя пакаранні, прапанаваў асудзіць яго на 5 год зняволення без канфіскацыі маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?