Вільня ўжо не тая. Нейкае адчуванне пусткі. Бязлюдныя вуліцы, пустыя кавярні, нават каля Вострай Брамы ўвечары няма людзей, а як глянеш у бок лысай гары з вежаю, то тая пустка робіцца агіднаю. Карацей, дэпапуляцыя.

Незнарок прыгадваюцца часы, калі горад жыў па-іншаму, можа, не зусім правільна, але пэўна, што жыў. І ў будзённым гарадскім ландшафце, акрамя валацугаў з Беларусі, быў дзясятак-другі аўтобусаў з савецкімі турыстамі. Некаторыя нешта разглядвалі, сёе-тое запаміналі, можа, чамусьці і вучыліся. У савецкія часы Літва аказалася ў ліку ўсходнееўрапейскіх краінаў, што ўдзельнічалі ў міжцывілізацыйным культурным абмене паміж усходам і захадам Еўропы. Зразумела, што ніхто не пытаў іх аб згодзе, аднак працэс ішоў і меў вынікі, бо цяжка прагназаваць, як бы разгортваліся падзеі з СССР, калі б значная частка савецкiх афіцэраў разам з сем’ямі не прайшла б акультурацыю ў краінах усходняга блоку. На гэтых акупаваных тэрыторыях яны пэўна заўважылі нейкія іншыя культурныя вартасці і ў некаторай ступені зрабіліся іх распаўсюджвальнікамі. Сам быў такі, толькі малы.

Сёння, калі падарожнічаеш па Літве, міжволі ўсплывае: народ, які жыве для сябе, — гэта як і чалавек, які жыве для сябе… Або з’ява не зусім пазітыўная, і тут жа чаадаеўскае: «Народы — істоты маральныя…»

Пэўна, што калі моладзь з краіны пераехала на захад і з’явілася перспектыва цэнтралізаванага папаўнення насельніцтва коштам сірыйскіх ці афрыканскіх мігрантаў, то гэта ўжо не зусім жыццё для сябе, але і не зусім тое, аб якім раней мроілі.

Доўгі ўступ, але размова не аб Літве, а аб Беларусі, бо так атрымалася, што Беларусь пераняла тую ролю цывілізатара, якую раней выконвалі больш паспяховыя суседнія краіны. Ды і хто яшчэ на такое здольны?

Зразумела, што рускія сёння ездзяць па ўсім свеце і бачаць розныя культуры. Аднак той рускі замежны корпус не заўсёды ў стане пераймаць, а тым больш перадаваць культурныя вартасці, маецца на ўвазе вартасці станоўчыя ў сацыяльным сэнсе. А калі звыклы расіянін перакрочвае сімвалічную мяжу з Беларуссю, то адразу бачыць, што палі тут больш упарадкаваныя, менш смецця, дарогі лепшыя, нават кіроўцы больш культурныя… Адным словам, парадак і культура, і ўсё нягледзячы на сціплыя сродкі. А потым паназірае за людзьмі (за тымі, што цвярозыя), то ў яго яшчэ больш абвастраецца прысутнасць іншасці.

Да не шукайце вы памылак, якія кідаюцца ў вочы, адкопвайце станоўчы момант! Вось блогеры прычапіліся да «прышпіліцеся», і неяк не звяртаюць увагі на «будзьце прыкладам» з білборда гродзенскай ДАІ. Цягнікі з Гродна сёння ідуць толькі ў Расію, іншых кірункаў пасажырапатоку няма, ды і расійскіх нумароў на дарогах звычайна больш, чым замежных.

Застаецца толькі быць прыкладам і яшчэ больш імкнуцца абвастраць пачуцце культурнай іншасці, абвастраць там, дзе толькі можна. І трэба навучыць суседа, бо болей няма каму. Дзеля гэтай культурнай місіі і мовай авалодалі. У гэтай жа працы можа выкрышталізавацца наша самасць, могуць з’явіцца новыя формы духу.

І пры канцы: хiба можна быць супраць таго, каб папрацаваць над культурным узроўнем нашага ўсходняга суседа, тым больш ДАІ так настойліва рэкамендуе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?