Кенэт Ялавіц |
Я не гісторык, але мяркую, што да цяперашніх беларускіх падзеяў неабходны гістарычны падыход. Калі я быў паслом у Беларусі ў 1994—1997 гадах, у амэрыканска-беларускіх адносінах былі вельмі складаныя моманты. Усе яны былі зьвязаныя, у асноўным, з унутранай палітыкай Лукашэнкі. Прэзыдэнт практычна падмяў пад сябе парлямэнт, паставіў крыж на свабодзе прэсы, радыё й тэлевяшчаньня, заткнуў рот апазыцыі. У нас выклікалі сур’ёзную заклапочанасьць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
У маю бытнасьць паслом у паветранай прасторы Беларусі быў зьбіты паветраны шар з падарожнікамі. Загінулі тры чалавекі. Незадоўга да заканчэньня тэрміну пайго знаходжаньня ў Менску беларускія ўлады спрабавалі выставіць з краіны амэрыканскіх дыпляматаў па надуманым абвінавачаньні ў датычнасьці да апазыцыйнай дзейнасьці. Гэта была настолькі сур’ёзная справа, што мяне выклікалі ў Вашынгтон для кансультацый на цэлы месяц. За гэтым пайшлі рознагалосьсі з нагоды рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Менску.
Тое, што адбываецца цяпер, гэта наступствы прэзыдэнцкіх выбараў, якія ніяк няможна назваць чэснымі й адкрытымі. Былі выпадкі зьнікненьня людзей. Ёсьць падставы меркаваць, што яны забітыя. Гэтыя факты, а таксама арышты й турэмнае зьняволеньне кандыдатаў апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году паслужылі прычынай таго, што ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.
У нас гэта выклікае пачуцьцё шчырага шкадаваньня, таму што Беларусь сама адразае сябе ад Эўропы й астатняга сьвету. Тое, што адбываецца цяпер — ганебна і нават трагічна. Бо ў нас засталося ня так багата магчымасьцяў весьці дыялёг па дыпляматычных каналах. Патрабаваньне, каб пасол ЗША пакінула Беларусь, і выгнаньне дзесяці амэрыканскіх дыпляматаў — вялікая памылка ўраду Лукашэнкі. Менавіта на дыпляматаў ускладаюцца надзеі на працяг дыялёгу, калі між краінамі існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі.
Зразумела, Злучаныя Штаты зробяць крокі ў адказ. ЗША — вялікая дзяржава. Я не сумняваюся, што ўсім вядомы гістарычны прыклад таго, наколькі моцную рэакцыю ў свой час выклікала высылка амэрыканскіх дыпляматаў з Савецкага Саюзу. Я спадзяюся, што ў атачэньні прэзыдэнта Лукашэнкі ёсьць людзі, якія разумеюць важнасьць захаваньня кантактаў з Захадам, з ЗША й Эўропай. Можа, у Менску прыслухаюцца да іх думкі. Тое, што цяпер робіць Лукашэнка, цалкам супярэчыць духу й вымогам часу, калі ў Эўропе сьціраюцца межы й поўным ходам ідуць працэсы інтэграцыі.
Фота nndb.com