Анатоль Сыс |
Увечары 4 траўня ў Праскай кавярні «Сіці» прайшла вечарына памяці беларускага паэта Анатоля Сыса (1959‑2005), прымеркаваная да трэціх угодкаў яго сьмерці. Яе ініцыятарам ды арганізатарам стаў грамадзянін Беларусі і жыхар чэскай сталіцы Аўген Сідорык. Сабралося зь некалькі дзясяткаў асоб ад двух да сямідзесяці гадоў.
Сваімі ўспамінамі пра паэта дзяліліся журналісты «Радыё‑Свабода» Сяргей Шупа і Сяргей Абламейка, бард Андрэй Мельнікаў, а таксама людзі, якім даводзілася бачыць выступы Анатоля Сыса, назіраць яго ў публічным жыцьці.
Гучалі вершы і песьні, жывы голас паэта, захаваны гуказапісам.
Імпрэза прыцягнула ўвагу ня толькі беларусаў. І адпаведна былі пытаньні пра асобу паэта і адказы на іх, якія прыўнесьлі ў шанаваньне памяці разынку асьветніцтва. Межы размовы часам пашыраліся да расповеду пра Беларусь як краіну і яе літаратурную гісторыю.
Лепшым чытальнікам вершаў Анатоля Сыса быў прызнаны Віталь Цімошанка. За што атрымаў у якасьці прызу «Лён» — зборнік выбраных твораў паэта, выдадзены «Кнігазборам» у 2006-м годзе.
Вёў вечарыну Сяргей Шупа.