Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да непрацуючых 28-гадовага жыхара Стоўбцаў і 26-гадовага мінчаніна.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Ларыса Пархімовіч, абодва фігуранты абвінавачваюцца ва ўчыненні разбойнага нападу з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання па ч. 3 арт. 207 КК і наўмыснага забойства з асаблівай жорсткасцю заведама састарэлай асобы, спалучанага з разбоем, па ч. 2 арт. 139 КК.

Паводле абвінавачання двое маладых мужчын, якія пазнаёміліся на вакзале ў Мінску, у снежні 2015 года пасля сумеснага распівання спіртных напояў прыехалі на электрычцы ў Маладзечна і з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю праніклі ў прыватны дом. Апынуўшыся заспетымі на месцы злачынства 86-гадовай гаспадыняй, якая была ў гэты час у доме, яны нанеслі ёй не менш за 18 удараў рукамі, нагамі і цвёрдымі прадметамі па галаве і ўсім целе. Ад атрыманых траўмаў жанчына памерла. Злачынцы выкралі з дома грошы і маёмасць не менш як на 17,5 млн. рублёў і ўцяклі.

Адзін з выпадковых знаёмых, 28-гадовы мужчына, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо мае чатыры судзімасці, дзве з якіх за рабаванне.

Крымінальным заканадаўствам за ўчыненне разбойнага нападу з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а за наўмыснае забойства, спалучанае з разбоем, здзейсненае групай асобаў, з асаблівай жорсткасцю заведама састарэлай асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, — пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне.

Папярэдняе расследаванне гэтай крымінальнай справы праводзілася ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?