Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла амбасадару Беларусі Аляксандру Каралю ноту ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС, паведаміў журналістам у Вільні 5 мая кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус.

Нота тычыцца «магчымага інцыдэнту на размешчанай у 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі», паведамляе інфармацыйны партал delfi.lt.

Падставай для выкліку амбасадара ў МЗС стала інфармацыя, якую размясціў на сваім сайце 4 мая тэлеканал Белсат. Са спасылкай на ўласныя крыніцы Белсат паведаміў, што ў сярэдзіне красавіка абрынуліся стойкі будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі, які будуецца ў Астраўцы. У публікацыі фігуравалі фатаграфіі абваленых канструкцый. У адміністрацыі Беларускай АЭС гэтую інфармацыю абверглі.

«Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры, а сёння ў міністэрства быў выкліканы амбасадар Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, аб іншых магчымых здарэннях, якія здарыліся да гэтага, паколькі пра гэта пішуць беларускія СМІ», — заявіў Лінкявічус.

Паводле яго слоў, ніякіх тлумачэнняў з беларускага боку пакуль не было. «Амбасадар паабяцаў перадаць усю інфармацыю сталіцы, пакуль ніякіх тлумачэнняў не было», — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

Варта адзначыць, што 3 мая МЗС Літвы выступіў з заявай, у якой заклікаў Беларусь «як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядзернай бяспецы».

Нагадаем, афіцыйная Вільня неаднаразова заяўляла, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?