Аркестр Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева правёў канцэрт на руінах сірыйскай Пальміры.

Сімфанічны аркестр, у складзе якога выступіў і віяланчэліст Сяргей Ралдугін, сыграў на пляцоўцы старажытнага амфітэатра.

AP

AP

У сакавіку Пальміра была вызвалена ад баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» сірыйскімі ўзброенымі сіламі пры падтрымцы расійскай авіяцыі.

Дырыжор і мастацкі кіраўнік Марыінкі Валерый Гергіеў — актыўны прыхільнік прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У 2012 годзе ён выступаў даверанай асобай Пуціна ў ходзе прэзідэнцкай кампаніі, а ў 2014-м падпісаў зварот дзеячаў культуры ў падтрымку знешняй палітыкі прэзідэнта на Украіне.

У жніўні 2008 года Гергіеў дырыжыраваў аркестрам на фоне Дома ўрада Паўднёвай Асеціі, якая адкалолася ад Грузіі.

Сяргей Ралдугін вядомы як даўні сябар прэзідэнта і хросны бацька яго старэйшай дачкі. Яго імя згадваецца ў матэрыялах Міжнароднага кансорцыума журналістаў-следчых (ICIJ), згодна з якімі Ралдугін валодае дзвюма афшорнымі кампаніямі, якія праводзілі сумнеўныя ўгоды.

Сам Уладзімір Пуцін высока ацаніў акцыю Марыінскага тэатра, выказаўшы падзяку музыкам па відэасувязі са сваёй сочынскай рэзідэнцыі.

«Ведаю, што сённяшняя акцыя спалучаная для ўсіх яе ўдзельнікаў з вялікімі побытавымі нязручнасцямі і небяспекай знаходжання ў ваюючай краіне, ды яшчэ і пры непасрэднай блізкасці ад бесперапынных баявых дзеянняў», — цытуе Пуціна «Інтэрфакс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?