Пры аптымізацыі прафтэхадукацыі важна больш цесна ўвязаць навучанне з вытворчасцю, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Мінскі маторны завод.

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца практычна адзінай на постсавецкай прасторы краінай, якая ў такім аб'ёме захавала прафтэхадукацыю. Цяпер многія спрабуюць аднавіць такую сістэму, але працэс гэты няпросты, патрабуе часу і грошай.

Працаўнікі Мінскага маторнага завода пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, што трэба, каб павысіць статус рабочых спецыяльнасцей. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Каб павысіць статус любой прафесіі, трэба стварыць дастойнае рабочае месца для чалавека і плаціць яму тое, што ён зарабляе. Будзе рабочае месца і добрая зарплата — любы малады чалавек пойдзе і будзе працаваць».

Пры гэтым Лукашэнка засяродзіў увагу на якасці прафтэхадукацыі. На яго думку, вельмі важна для будучага спецыяліста практычна штодзень бываць на вытворчасці і набываць першыя навыкі сваёй спецыяльнасці яшчэ ў час вучобы. Няўхільнае патрабаванне Лукашэнкі пры падрыхтоўцы любых спецыялістаў — улічваць іх далейшую запатрабаванасць у народнай гаспадарцы. Павінна быць дакладная арыентацыя на неабходную колькасць спецыялістаў, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца вышэйшай адукацыі, то цяпер усё больш запатрабаванымі становяцца спецыялісты ў новых напрамках. «ІТ-тэхналогіі, космас, АЭС, найноўшыя тэхналогіі — за імі будучыня. Адпаведна для гэтых сфер мы будзем больш рыхтаваць спецыялістаў», — сказаў ён.

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што вельмі важнымі і заўсёды запатрабаванымі застаюцца рабочыя спецыяльнасці: «Рабочыя спецыяльнасці — гэта аснова ўсяго, таму мною пастаўлена задача аптымізаваць прафтэхадукацыю, зняць усё лішняе ў гэтай сістэме навучання. Пры гэтым патрэбна больш цесная, эфектыўная сувязь з вытворчасцю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?