Кангрэс сабраў больш за 300 культуролагаў, гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў і дзеячаў культуры з трынаццаці краін свету — Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Ірана, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Украіны і Японіі.

У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі форуму падкрэслілі, што ў Беларусі неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на патрэбы культурнай сферы, а таксама на падтрымку навуковых даследаванняў у галіне гуманітарных ведаў і шырокае распаўсюджванне нацыянальных духоўных каштоўнасцяў.

Пазнаёміць сусветную грамадскасць з культурнымі дасягненнямі Беларусі, адзначылі ўдзельнікі кангрэса, могуць дапамагчы міжнародныя выставы і публікацыі матэрыялаў культурнай скіраванасці, новыя турыстычныя маршруты, віртуальныя музейныя калекцыі, якія трэба будзе стварыць у будучыні. У той жа час Беларусі важна праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне культуры з замежнымі вучонымі, адначасна праводзячы працу па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай матэрыяльнай і духоўнай культуры.

У другі дзень форуму праца кангрэса вялася ў пятнаццаці паралельных секцыях, якія былі прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне і нацыянальнай культуры Беларусі ў цэлым, беларускай мове, літаратуры, фальклору, музыцы, тэатру, кінематографу, выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, архітэктуры і дызайну, а таксама рэгіянальным культурным з'явам і культуры дыяспар, якія пражываюць у краіне.

Па выніках працы ўдзельнікі кожнай секцыі выпрацавалі канкрэтныя прапановы, якія будуць уключаны ў тэкст выніковай рэзалюцыі, што будзе апублікаваная на наступным тыдні, паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка.

Вучоны адзначыў, што ўрад Беларусі будзе ўлічваць тыя прапановы, якія былі выпрацаваны на гэтым навуковым форуме. «Улічваючы, што правядзенне кангрэса было падтрымана як асобнымі міністэрствамі, так і ўсім урадам у цэлым, вядучымі грамадскімі арганізацыямі, то дакументы кангрэса будуць мець для ўрада значэнне», — падсумаваў акадэмік Лакотка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?