Паводле меркаванняў жыхароў украінскіх вёсак, памежных з Беларуссю, украінска-беларуская дэмаркацыйная лінія праведзеная няправільна, бо абмяжоўвае доступ вяскоўцаў да вады Жыроўскага канала, які знаходзіцца ў зоне размежавання.
Валыняне неаднаразова выступалі супраць усталявання памежных знакаў і нават паабяцалі спаліць будаўнічую тэхніку, у выніку чаго беларускі бок у лютым 2016 года быў змушаны прыпыніць палявыя работы. Украінскія памежнікі, аднак, мяркуюць, што справа палягае не ў абароне дзяржаўных інтарэсаў.
У тым разе, калі дэмаркацыйная лінія будзе праведзеная ў адпаведнасці з двухбаковымі дамоўленасцямі, жыхары памежных валынскіх вёсак не змогуць браць ваду з Жыроўскага канала, якая неабходная для вымывання бурштыну, які здавён здабываецца ў тых рэгіёнах браканьерскімі спосабамі.
Украіна займае другое месца ў свеце па здабычы бурштыну. Большасць бурштынавых радовішчаў знаходзіцца ва ўкраінска-беларускім сумежжы.
Сяло Вітлы Любяшоўскага раёна Валынскай вобласці, дзе было знятае відэа, знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Драгічынскім раёнам Брэсцкай вобласці.