Улада ад Пуціна пераходзіць да дуумвірату Пуціна і Мядзьведзева. Хто трымае рэальную ўладу ў сёньняшняй Расіі? На каго яна абапіраецца? Як функцыянуе? Пра групу бізнэсоўцаў-сілавікоў, рэшткі «Сям'і», групу «сапраўдных чэкістаў» і іншыя сілы, ад якіх будзе залежаць Мядзьведзеў, піша Эндру Ўілсан. Прапануем Вашай увазе скарочаны варыянт ягонага аналізу, які быў цалкам надрукаваны ў №4 часопісу «ARCHE». Эндру Ўілсан – старшы экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, старшы выкладчык кафэдры ўкраіністыкі Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу, аўтар шматлікіх дасьледаваньняў постсавецкіх краінаў.

2 сакавіка расіяне выбралі сваім новым прэзыдэнтам Дзьмітрыя Мядзведзева. Спрактыкаваны ў англійскай мове і падкаваны ў эканоміцы 42-гадовы юрыст робіць зусім іншае ўражаньне, чым Пуцін і іншыя кадры з КДБ. Ці зьменіцца Расія пры Мядзьведзеву? Альбо гэта будзе пераважна тое самае — пуцінізм без Пуціна?

Прафэсарскі сын Мядзьведзеў мае ў расійскіх колах рэпутацыю лібэрала, нягледзячы на тое, што на працягу сямнаццаці гадоў ён быў пратэжэ антылібэрала Пуціна. У сваёй першай вялікай прамове падчас перадвыбарнай кампаніі Мядзведзеў раскрытыкаваў расійскі «прававы нігілізм». Ён нават выказаў скепсіс адносна папулярнага азначэньня «сувэрэнная дэмакратыя», назваўшы яго ў 2006 г. «далёка не ідэальным тэрмінам… калькай… [якая] нам не зусім падыходзіць», і адзначыў, што «нашмат больш правільна гаварыць пра сапраўдную дэмакратыю».

Сем гадоў старшынёўства Мядзьведзева ў радзе дырэктараў «Газпрому» зрабілі яго добрым знаёмцам для заходніх дзелавых колаў. Ён здольны весьці перамовы ў Давосе. Ён добра апранаецца. Ён не падобны ні да постсавецкага бюракрата, ні да агента КГБ. Ён вялікі прыхільнік рок-музыкі 1970-х — у прыватнасьці, групы «Deep Purple» (зрэшты, кажуць, што і Андропаў любіў джаз).

Незалежна ад намераў і перакананьняў Мядзведзева, яму наўрад ці лёгка будзе парваць зь сіламі, якія стварылі яго як палітыка. Аўтарытарныя мэханізмы, якія склаліся за апошняе дзесяцігодзьдзе, відаць, захаваюцца, нягледзячы на зьмены ў кіраўніцтве.

Пераемнік-1

Каб зразумець псыхалёгію сёньняшніх расійскіх эліт, неабходна прыгадаць абставіны, у якіх Пуцін прыйшоў да ўлады восем гадоў таму, уратаваўшы здыскрэдытаваны Крэмль ад катастрофы. Да 1999 г. папулярнасьць Ельцына беспрэцэдэнтна ўпала на тле моцнай апазыцыі і заняпаду фэдэральнай улады. Эліта была расколата: абложанаму з усіх бакоў Крамлю процістаяў новы блок «Айчына — уся Расія» (АУР), які падтрымлівалі апазыцыйныя алігархі і тэлеканал НТВ Уладзіміра Гусінскага. Улетку 1999 г. кандыдат АУР Яўген Прымакоў здаваўся найбольш імаверным пераможцам на будучых выбарах прэзыдэнта.

Крэмль распрацаваў плян выжываньня, ахрышчаны «Апэрацыя «Пераемнік». Хоць Прымакоў, як і Пуцін, меў кадэбэшнае мінулае, атачэньне Ельцына не лічыла яго сваім. Асновай пляну сталі «палітычныя тэхналёгіі» — расейскі тэрмін для індустрыі палітычных маніпуляцый, прызначаных для забесьпячэньня «элегантных перамог».

Для дыскрэдытацыі апанэнтаў «тэхнолягі» зьбіралі на іх кампрамат, зьвярталіся да чорнага піяру, паклёпу і мэтадаў «інфармацыйнай вайны». Так, найлепшы эфірны час папулярных тэлеканалаў аддалі ачарненьню Прымакова. Як толькі генпракурор Скуратаў наблізіўся да раскрыцьця крамлёўскіх махінацый і раскраданьня Беразоўскім маёмасьці «Аэрафлоту», Пуцін распаўсюдзіў відэазапіс, у якім фігураваў чалавек, падобны да Скуратава, у кампаніі з дзьвюма прастытуткамі.

Многія брудныя перадвыбарныя трукі практыкуюцца скрозь у сьвеце, у тым ліку ў такіх дэмакратычных краінах, як ЗША (інсынуацыі вакол тайных сымпатый Барака Абамы да ісламу), але нідзе яны ня носяць такога татальнага характару, як у Расіі. Расійскія тэхнолагі спецыялізуюцца і на стварэньні фальшывых штучных партый, мэта якіх — забраць галасы ў апазыцыі.

Піяршчыкам Пуціна ўдалося падаць яго адначасова як новага Ельцына і «анты-Ельцына». Сам Пуцін зарэкамэндаваў сябе майстрам паяднаньня супярэчнасьцяў, публічна пагражаючы «зьнішчыць алігархаў як клас» і адначасова абяцаючы захаваць «кадравую стабільнасць».

Пераемнік-2

Апошнія заявы Мядзьведзева сьведчаць пра яго спробы дасягнуць аналягічнага балянсу, неабходнага, калі ён хоча стаць прымальным кандыдатам для шырокіх колаў элітаў. Адрозна ад Пуціна, які ўзьнік амаль што на пустым месцы, Мядзведзеў мае перавагі ў выглядзе пэўнай вядомасьці і вялікага адрыву на старце коштам надзвычайнай папулярнасьці свайго «апекуна».

Рэйтынг Пуціна зьведаў першы ўзьлёт, калі той распачаў другую «войну возмездія» супраць Чачні пасьля падрыву жылых дамоў у Маскве ў верасьні 1999 г. Гэты крок быў настолькі пасьпяховы, што ўсе расійскія выбары ад тае пары праходзілі паводле стандартнай схемы мабілізацыі электарату супраць «супольнага ворага». У 1996 г. такім ворагам былі камуністы, у 1999-м — чэчэнцы. У 2003—2004 гг. мішэньню Пуціна былі «алігархі»; нарэшце, у 2007—2008 гг. праціўнікам сталі мы — дакладней, пагроза «каляровай рэвалюцыі», інсьпіраванай варожым Захадам. Расейцы маюць нават адмысловае азначэньне для такіх перадвыбарных сцэнараў — драматургія (старанна напісаная штучная драма).

Ілюзія зьменаў пры поўнай стабільнасьці

Палітычныя тэхналёгіі ў 1999—2000 гг. дазволілі стварыць ілюзію змен пры недапушчэньні ніякіх сапраўдных дэмакратычных трансфармацый. Нягледзячы на гэта, многія заходнія лідэры пасьпяшаліся вітаць Пуціна як новае аблічча Расіі.

Улічваючы рэйтынгі папулярнасьці Мядзьведзева, ён цалкам мог бы набраць неабходную большасьць галасоў і бязь цёмнага мастацтва палітычных тэхналёгій. Аднак існая расійская сыстэма не пакідае месца для сумленных выбараў. Яна працягвала сеяць дэзінфармацыю і карыстацца паслугамі так званых мэдыякілераў, накшталт Аляксея Пушкова, аддаючы ім найлепшы эфірны час расійскіх тэлеканалаў.

На выбарах 2007—2008 гг. стартавала менш псэўдапартый, затое ў гэтай кампаніі дэбютавала «Справядлівая Расія». Партыя Жырыноўскага, як і раней, перацягвала да сябе пратэставыя галасы. Тады як лібэральныя клоны — «Грамадзянская сіла» і Дэмакратычная партыя — зацянялі празаходнія Саюз правых сілаў і «Яблык». Зьявіліся паведамленьні, што фальшывыя партыі фінансаваліся праз спэцыяльны фонд, створаны на базе «Зьнешэканамбанку», пад кіраўніцтвам Сяргея Сабяніна і Ўладзіслава Суркова — першых асобаў у Адміністрацыі прэзыдэнта. На прэзыдэнцкіх выбарах Андрэй Багданаў нацягнуў на сябе мантыю фальшывага плюралізму. Нават перадвыбарны зьезд ягонай партыі прайшоў у Брусэлі.

Прызначэньне палітычных тэхналёгій мяняецца з улікам таго, што Расія мацнее. Паводле словаў аднаго зь вядучых паліттэхнолягаў Сяргея Маркава,

у пуцінскую эпоху мы не спрабуем стварыць нейкі віртуальны свет; мы імкнёмся скарыстаць розныя тэхналёгіі, каб правесьці зьмены ў рэальным сьвеце. Нам ня трэба выбараў, якія б стваралі бачнасьць таго, што людзі падтрымліваюць Пуціна, — мы хочам, каб людзі сапраўды падтрымалі Пуціна.

Аднак, фактычна прызнае ён, умовы, якія спараджаюць гэты тып высокаманіпуляцыйнай палітыкі, застаюцца нязменныя,

характэрныя для так званага постмадэрнага грамадзтва. Нармальныя інстытуты, якія (некалі) працавалі на дэмакратыю, зьведалі заняпад; палітычныя партыі зьведалі заняпад. Грамадзкая думка мяняецца; яна не зьнікае, але робіцца […] усё больш штучнай.

Паводле словаў Глеба Паўлоўскага, найбольш знакамітага расійскага паліттэхноляга, цяпер менш патрэбы

для палітычных тэхналёгій у сэнсе 1990-х гг. Але мы маем больш прасторы для інфармацыйных тэхналёгій, для юрыдычных тэхналёгій… Палітыка грунтуецца не на ведах, як гэта, на маю думку, мае быць, а на міфах, якія пашыраюцца праз СМІ.

«Юрыдычныя тэхналёгіі», варта заўважыць, азначаюць выкарыстаньне прававой сыстэмы супраць апанентаў.

Непазьбежныя граблі

Людзі Пуціна ўвесь час імкнуцца ўмацаваць інстытуцыйныя і фінансавыя стымулы, якія яднаюць розныя кланы, што кіруюць Расіяй. Да таго ж цяпер яны маюць магутную страхоўку ў выглядзе канстытуцыйнай большасьці ў Думе. Памятаючы, як яны самі адхілілі ад улады сваіх праціўнікаў з ельцынскай эпохі, яны хочуць гарантаваць, каб іх пераемнікі не абышліся гэтак жа і зь імі. Паводле слоў расійскага журналіста Андрэя Золатава, людзям Пуціна

як паветра былі неабходны дзьве траціны ў Думе, паколькі яны ведаюць, якімі пераемнікамі былі яны самі [у дачыненьні да Ельцына], таму я ўпэўнены, што яны падбаюць пра самыя разнастайныя стрымкі і процівагі для сваіх пераемнікаў.

Застаецца шмат няяснасьцяў, якім будзе будучае супрацоўніцтва прэзыдэнта Мядзьведзева і прэм’ер-міністра Пуціна. У расійскай палітычнай культуры ўлада, як правіла, знаходзіцца толькі ў адных руках. Канстытуцыя ў пытаньнях балянсу ўладаў адназначна выказваецца на карысьць прэзыдэнта; магчыма, такі бок зоймуць і сродкі масавай інфармацыі. Незразумела, хто ўрэшце захавае ўплыў на спэцслужбы і сілавыя міністэрствы. Меркаваная карціна супрацоўніцтва паміж прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам не дае адказу на пытаньне, хто будзе кантраляваць патранажныя сеткі ў расійскай сыстэме.

Ці павесіць Пуцін партрэт Мядзьведзева

Расійская эліта заўсёды трымае нос па ветры, але пакуль што ня ясна, куды гэты вецер павее. Дылему выразна акрэсьліў карэспандэнт выданьня «Economist» Аркадзь Астроўскі: «Ці будзе прэм’ер-міністар Пуцін кіравацца традыцыяй і трымаць на сьцяне партрэт прэзыдэнта Мядзведзева?» На прэс-канфэрэнцыі ў лютым Пуцін сказаў, што ня будзе, і нават не выключыў магчымасьці ўрэшце вярнуцца на пасаду прэзыдэнта.

Найбольш непрадказальнымі выглядаюць паводзіны клану Сечына, які ня мае акрэсьленай пазіцыі ў дачыненьні да новага дуумвірату.

Ацэньваючы магчымыя падзеі, варта памятаць, што гэта ня першы выпадак перадачы ўлады з адных рук у другія. Некаторыя прыклады з гісторыі прыходу да ўлады самаго Пуціна могуць даць ключ да адказу на вышэйпастаўленае пытаньне.

У 2000 г. палітычныя тэхналёгіі дапамаглі замаскаваць адначасовую патрэбу рэжыму ў пераемнасьці і зьменах. Гэты парадокс адлюстраваўся ў заблытанасьці працэсу перадачы ўлады. У самы першы дзень пасля заступленьня на пасаду Пуцін падпісаў указ аб імунітэце для Ельцына. Большасьць галоўных членаў «старой гвардыі» 1990-х заставаліся на сваіх пасадах на працягу году, але самыя магутныя апекуны «Сям’і» пратрымаліся значна даўжэй. Але, пабыўшы нейкі час на пасадзе, Пуцін змог парваць са старым рэжымам.

Сілагархі

Сам Пуцін быў асновай усіх пераўтварэньняў. Ён прадстаўляў як старую «Сям’ю» (для якой у свой час выконваў шэраг жыцьцёва важных паслуг для абясшкоджваньня канкурэнтаў), так і шырокія колы санкт-пецярбурскіх чыноўнікаў ды супрацоўнікаў ФСБ. Паплечнікі Пуціна арганізавалі так званую «справу «Юкасу», каб зьмяніць правілы гульні і стварыць новы балянс у вярхах расійскага грамадзтва, паскорылі перадзел маёмасьці і распачалі папулісцкую кампанію помсты ельцынскім багатырам, якая адыграла ключавую ролю ў перавыбраньні Пуціна ў 2004 г. За кулісамі, аднак, алігархі былі заменены «сілагархамі».

Арганізатар кампаніі супраць «Юкасу» Ігар Сечын, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, у ліпені 2004 г. стаў старшынём рады дырэктараў ААТ «Раснафта». Іншымі актывамі, адабранымі ў алігархаў «сілагархамі», былі «Аэрафлот» (ад Беразоўскага перайшоў да Віктара Іванова) і «АўтаВАЗ» (ад Беразоўскага дастаўся Сяргею Чэмезаву).

Узьлёт «сілагархаў» быў таксама абумоўлены падтрыманым Крамлём стварэньнем буйных дзяржаўных і напаўдзяржаўных карпарацый, накшталт «Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя» і «Аб’яднаная судабудаўнічая карпарацыя». Сам Мядзьведзеў быў старшынём рады дырэктараў «Газпрому” — кампаніі, якая ўяўляе зь сябе амаль што «дзяржаву ў дзяржаве» і валодае ўласнымі СМІ (холдынг «Газпром-мэдыя»), сямнаццацю банкамі, а таксама кантрольным пакетам былой кампаніі Рамана Абрамовіча «Сібнафта», пазней перайменаванай у «Газпром-нафта». У ліпені 2007 г. Дзяржаўная Дума нават прыняла закон, які дазволіў «Газпрому» мець уласныя ўзброеныя фармаваньні.

Пад канец другога тэрміну Пуціна гэтыя эканамічныя імпэрыі кантралявалі траціну расійскага ВУП. Палітыка пры Пуціну заключалася на справе не ў процістаяньні «лібэралаў» і «нацыяналістаў», а ў складаным узаемадзеяньні паміж рознымі кланамі, якія карміліся з розных бакоў карыта.

З розных бакоў карыта

Найбольш магутную групу бізнэсоўцаў-сілавікоў узначальвае Ігар Сечын. Падобна як у прыдворных канцлераў XVII стагодзьдзя, улада Сечына вынікае зь яго блізкасьці да першай асобы і магчымасьці кантраляваць інфармацыю, якую атрымлівае прэзыдэнт, а таксама выкананьне зробленых ім даручэньняў. Гэтую ролю пры Пуціну Сечын выконвае з пачатку 1990-х, калі Пуцін быў віцэ-мэрам Пецярбургу. Другая крыніца ўлады Сечына абумоўлена спалучэньнем эканамічнай і палітычнай магутнасьці, атрыманай пасьля «справы «Юкасу».

Аднак сілавікі не ўтвараюць адзінага клану. Другая групоўка сілавікоў любіць называць сябе «сапраўднымі чэкістамі» і спрабуе ажыцьцяўляць палітыку праз уплыў на прэзыдэнцкую службу бясьпекі, пракуратуру, Фэдэральную службу кантролю за абарачэньнем наркотыкаў.

Старая «Сям’я» змагаецца за выжываньне; сёй-той у выгнанні, як Беразоўскі, іншыя ж, як Анатоль Чубайс і Аляксандар Валошын, — ва «ўнутранай ссылцы» ў «Адзіных энэргетычных сыстэмах».

Захоўвае ўплывовыя пазіцыі невялікая група пост’юкасаўскіх лібэралаў накшталт Аляксея Кудрына на чале Міністэрства фінансаў і Сяргея Ігнацьева — старшыні Цэнтрабанку.

Дасьведчаныя бізнэсоўцы накшталт Рамана Абрамовіча пасьпяхова трымаюцца дзякуючы сувязям ва ўсіх групах.

У першы пэрыяд знаходжаньня на пасадзе над Мядзьведзевым таксама будуць дамінаваць кланавыя канфлікты. У свой час ён таксама можа распачаць сваю «справу «Юкасу», але спачатку, як некалі і Пуцін, ён павінен будзе прыстасоўвацца да наймацнейшых груповак існай эліты. У 1999—2000 гг. такой групоўкай была «Сям’я»; у 2007—2008 гг. гэта сечынскія сілавікі, якія, як уяўляецца, выкарыстоўваюць палітычную няпэўнасьць вакол спосабу перадачы ўлады для самаўзвышэньня пры дапамозе паліттэхналёгій і ФСБ.

У жніўні 2007 г. яны прад’явілі нафтавай кампаніі «Руснафта» (кошт якой ацэньваецца на 8—9 мільярдаў даляраў) драконаўскія падатковыя патрабаваньні і пасьпяхова сканфіскавалі яе ў ранейшага ўладальніка Міхаіла Гуцарыева.

Адчуўшы рост свайго ўплыву, сілавікі нават арыштавалі сьледчага Фэдэральнай службы кантролю за абарачэньнем наркотыкаў, узначаленай Віктарам Чаркесавым, які меў заданьне разабрацца ў іх датычнасьці да мытных афёраў (справа «Трох кітоў»). Нарэшце, групоўка Сечына пачала паглядаць у бок Стабілізацыйнага фонду — сховішча расійскіх энергетычных звышдаходаў. Сечын ціснуў на новага прэм’ер-міністра Зубкова, каб той у верасьні адправіў у адстаўку міністра фінансаў Аляксея Кудрына. Кудрын утрымаўся, але ў лістападзе абвінавачаньні ў карупцыі былі вылучаны супраць ягонага намесьніка Сяргея Старчака.

На шалях – само жыцьцё

Найбольш уражваюць чуткі пра тое, што Сечын стаяў за крокамі, скіраванымі супраць самаго Пуціна. Станіслаў Бялкоўскі, які дапамог распачаць першую справу супраць «Юкаса», 12 лістапада заявіў у газеце «Die Welt», што прэзыдэнт патаемна нахапаў асабісты капітал памерам ня менш як 41 мільярд даляраў. Гэта выглядала своеасаблівым публічным папярэджаннем пэрсанальна Пуціну ці, хутчэй, Мядзведзеву, — не прасоўваць ніякага маштабнага «лібэральнага адраджэньня».

Без падтрымкі Пуціна Мядзьведзеў ня мае дастатковай вагі для ціску на Сечына. Аднак празь некалькі гадоў знаходжаньня на пасадзе ён можа назапасіць дастатковы палітычны капітал, каб ініцыяваць уласную вырашальную «справу «Юкасу».

Што ўсё гэта азначае для замежнай палітыкі?

Любыя чаканьні хуткіх істотных зьменаў ня маюць пад сабою падставаў. Легітымнасьць рэжыму грунтуецца на процістаяньні ворагам, і цяперашнім такім ворагам ёсьць Захад.

Раб усяе Русі

Ідэі аб тым, што «Расія вяртаецца» і што Расія павінна быць моцнай у непрыхільным сьвеце, дзе яна аточана ворагамі, былі даведзены да крайнасьці падчас другога тэрміну Пуціна. Асобныя спрэчкі з суседзямі можна было б зразумець, але ў 2005—2007 гг. Расія перасварылася амаль з усімі. Больш за тое, палітычная эліта, здаецца, разглядала канфлікты — як дыпляматычныя, так і ваенныя, — як неабходную ўмову захаваньня народнай падтрымкі.

Яшчэ адным фактарам сталася тое, што шмат хто ў Крамлі пераканаў сябе ў рэальнасьці зьмены ўлады ў Расіі на ўзор украінскай аранжавай рэвалюцыі 2004 г.

Украінскія падзеі былі для расійскай эліты найгоршым з кашмараў. Яны рэзка аслабілі яе ўпэўненасьць у тым, што расійская сыстэма стабілізавалася пасьля «Юкасу», і спалучалі ў сабе тры пагрозы, якіх эліта баялася найбольш: мабілізацыю нізоў, здраду элітаў і замежны ўплыў.

Шок паглыбіўся, калі неўзабаве пасьля аранжавай рэвалюцыі, у студзені-лютым 2005 г., у найбуйнейшых расійскіх гарадах пачаліся дэманстрацыі супраць манэтызацыі льготаў. Гэта былі пратэсты зусім іншага характару, выкліканыя сацыяльна-эканамічнай незадаволенасьцю, а не патрабаваньнямі адкрытага грамадзтва. Але яны паказалі ўжо напужанаму Крамлю, што ён ня мае поўнага кантролю над вуліцай.

Нават калі Мядзьведзеў сапраўды пажадае палепшыць дачыненьні з Захадам, дэмантаж новай псэўдаідэалёгіі расійскай велічы зойме пэўны час; да таго ж гэта будзе зьвязана з палітычнай рызыкай прадэманстраваць слабасьць перад краінамі, якія былі ўцягнуты ў нядаўнія канфлікты.

Магчыма, Мядзьведзеў сапраўды будзе дзелавы, дружалюбны і адносна лібэральны для Расіі, але ён па-ранейшаму паслухмяны раб сыстэмы, у якой улада грунтуецца на сумнеўных гешэфтах і мэтадах, што непрымальныя ні для якой сапраўднай дэмакратыі.

У першыя гады знаходжаньня на пасадзе сыстэма будзе мець большы кантроль над Мядзьведзевым, чым Мядзьведзеў над ёй.

* * *

Група Сечына

Віктар Іваноў, памочнік Пуціна ў кадравых пытаньнях, кіраўнік ААТ «Аэрафлот» і вайсковага канцэрну «Алмаз-Антэй»; намесьнік прэм’ер-міністра Сяргей Нарышкін; міністар унутраных справаў Рашыд Нургаліеў. Магутны дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў часам быў саюзьнікам групы Сечына, часам не.

«Чэкісты»

Віктар Чаркесаў, старшыня Фэдэральнай службы кантролю за абарачэньнем наркотыкаў; Юры Чайка, генэральны пракурор

Вайскоўцы, хай-тэк

Сяргей Іваноў, Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя

Чыгунка

Уладзімір Якунін

Тэлекамунікацыі

Леанід Рэйман

Экспарт узбраеньняў

Сяргей Чэмезаў

Старая «Сям’я»

Анатоль Чубайс, Аляксандар Валошын, «Адзіныя энэргетычныя сыстэмы Расіі»

Пост’юкасаўскія лібэралы

Аляксей Кудрын, Сяргей Ігнацьеў

Ляяльныя «незалежныя гульцы»

Раман Абрамовіч, Алег Дзерыпаска

З ангельскай пераклаў Сяргей Петрыкевіч паводле www.ecfr.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?