Ананім, які стаяў за уцечкамі так званых «панамскіх дасье» фірмы Mossack Fonseca, патлумачыў, чаму перадаў паперы журналістам.

Чалавек, які называе сябе Джон Доў, звярнуўся да публікі праз газету Süddeutsche Zeitung, журналістам якой ён у свой час перадаў паперы Mossack Fonseca. Поўная версія яго маніфесту на англійскай мове даступная на сайце газеты.

У сваёй заяве Джон Доў кажа пра тое, што суды па ўсім свеце «цалкам не справіліся са сваёй задачай — разабрацца з метастазамі афшорных зон, раскіданымі па планеце».

«Я вырашыў распавесці пра работу Mossack Fonseca, бо лічу, што яе заснавальнікі, супрацоўнікі і кліенты павінны несці адказнасць за тую ролю, якую гралі ў яе злачынствах, з якіх пакуль толькі частка агалошаная», — гаворыцца ў заяве.

Джон Доў таксама заяўляе, што не працуе ні на адзін з сусветных урадаў або спецслужбаў. «Мой пункт гледжання належыць выключна мне, як і рашэнне падзяліцца дакументамі з журналістамі Süddeutsche Zeitung і Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў (ICIJ)», — піша актывіст.

Сваім галоўным матывам Джон Доў называе барацьбу з няроўнасцю. На яго думку, «няроўнасць у даходах — адзін з вызначальных аспектаў нашай эпохі».

«Банкі, фінансавыя рэгулятары і падатковыя органы пацярпелі няўдачу. Былі прынятыя рашэнні, якія не датычыліся багатых, шкодзячы інтарэсам сярэдняга класа і людзей з невялікім прыбыткам», — піша ён.

На пачатку красавіка ў распараджэнні найбуйнейшых сусветных СМІ апынуліся мільёны дакументаў, у якіх паказваецца, што Панамская кампанія Mossack Fonseca у шэрагу выпадкаў дапамагала кліентам адмываць грошы, пазбягаць санкцый і падаткаў.

У дакументах згадваюцца 72 цяперашнія або былыя кіраўнікі дзяржаў, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі, бізнесмены і дзеячы культуры, у тым ліку сябры расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0