Дзьмітрый
Мядзьведзеў

Сёньня ў Крамлі ён прысягнуў народу Расеі.

Трэцяму расейскаму прэзыдэнту 42 гады. Ён стаў самым маладым кіраўніком дзяржавы за апошнія 100 гадоў.

Пасьля прыняцьця прысягі Дзьмітрыем Мядзьведзевым Уладзімер Пуцін, які 8 гадоў кіраваў краінай, аўтаматычна перастаў выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы.

У сваёй інаўгурацыйнай прамове Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў:

«Лічу сваёй найважнейшай задачай далейшае разьвіцьцё грамадзянскіх і эканамічных свабод, стварэньне новых, самых шырокіх магчымасьцяў для самарэалізацыі грамадзян, грамадзян свабодных і адказных як за свой асабісты посьпех, так і за росквіт усёй краіны».

У сваёй прамове Мядзьведзеў зрабіў акцэнт на важнасьці ўмацаваньня прававой дзяржавы: «Мы мусім дабіцца сапраўднае павагі да закону і пераадолець прававы нігілізм».

Мядзьведзеў таксама падзячыў Пуціну за падтрымку і сказаў, што разьлічвае на яе й надалей:

«Я добра ўсьведамляю, які груз адказнасьці кладзецца на мае плечы, і разьлічваю на нашу супольную працу».

Між тым на Захадзе новую структуру ўлады ў Расеі назвалі «тандэмакратыяй», бо дагэтуль незразумела, як Дзьмітрый Мядзьведзеў і Ўладзімер Пуцін падзеляць міжсобку ўладныя паўнамоцтвы. Многія разглядаюць Мядзьведзева, які быў досыць безаблічным чыноўнікам і ніколі не займаў выбарных пасадаў, як марыянэтку Пуціна.

З выкарыстаньнем інфармацыі «Эхо Москвы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0