Мішэль Плаціні сыходзіць у адстаўку з пасады прэзідэнта УЕФА пасля няўдалай апеляцыі на адхіленне ад працы ў футболе. Пра гэта паведамляе AFP.

«Паводле дамоўленасці з нацыянальнымі футбольнымі асацыяцыямі я сыходжу з пасады прэзідэнта УЕФА, каб пачаць барацьбу ў швейцарскіх судах за доказ сваёй сумленнасці», — цытуе агенцтва Плаціні.

Фота EPA / LAURENT GILLIERON

9 мая Спартыўны арбітражны суд знізіў з шасці да чатырох гадоў тэрмін адхілення Плаціні ад працы ў футболе.

Гэта рашэнне азначае, што Плаціні не зможа афіцыйна ўдзельнічаць у Чэмпіянаце Еўропы, які пачынаецца 10 чэрвеня ў Францыі. Ён быў галоўным арганізатарам мерапрыемства да пачатку карупцыйнага скандалу ў ФІФА

Прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр і кіраўнік УЕФА Мішэль Плаціні былі часова адхіленыя ад футбольнай дзейнасці ў кастрычніку 2015 года. У снежні Арбітражная палата камітэта па этыцы ФІФА адхіліла абодвух ад футбола на восем гадоў. У лютым тэрмін быў скарочаны да шасці гадоў.

Расследаванне ў дачыненні да кіраўнікоў ФІФА і УЕФА было выклікана 2 мільёнамі швейцарскіх франкаў, якія Блатэр пералічыў Плаціні ў 2011 годзе, незадоўга да свайго пераабрання на пасаду прэзідэнта ФІФА. Абодва фігуранты катэгарычна адхілілі абвінавачванні ў карупцыі. Паводле іх словаў, гэта была плата Плаціні за яго працу дарадцам Блатэра ў 1998—2002 гг.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?