Каля 3 тыс. чалавек сабраліся на адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне.

На мемарыяле адбыўся мітынг, прысвечаны 71-й гадавіне Перамогі і 72-й гадавіне прарыву блакады на тэрыторыі Ушацкага раёна.

«Мемарыял з'яўляецца адным з самых значных твораў манументальнага мастацтва краіны і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны», — сказаў на мітынгу старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Ён нагадаў, што на тэрыторыі вобласці знаходзіцца 1243 вайсковых пахаванняў, дзе пахаваныя больш за 390 тыс. чалавек, з якіх 206 тыс. — невядомыя.

Рашэнне аб рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяла «Прарыў» было прынята ў 2015 годзе. Навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ на аб'екце быў зацверджаны адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу, вядомы беларускі архітэктар Юрый Градаў, які адначасова з рэстаўрацыйнымі працамі мог ажыццяўляць аўтарскі нагляд за мемарыялам, і сёння ён таксама ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях на мемарыяле.

Мемарыяльны комплекс «Прарыў» адкрыты ў чэрвені 1974 года — на месцы прарыву варожай блакады 5 мая 1944 года партызанамі Полацка-Лепельскай зоны ў 7 км ад Ушачаў. Тут 16 партызанскіх брыгад на чале з будучым Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанком вырваліся з акружэння і змагаліся з карнымі атрадамі да прыходу частак Чырвонай Арміі. Разам з партызанамі змаглі вызваліцца і больш за 15 тыс. мірных жыхароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?