Алея сакуры будзе закладзеная ў Мінску 12 мая, паведамілі арганізатары.

Урачыстая цырымонія закладкі алеі, прымеркаваная да 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 5-годдзя аварыі на атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1», адбудзецца ў Парку дружбы народаў.

120 саджанцаў сакуры, прызначаных для пасадкі ў парку, былі перададзеныя ў дар японскай кампаніяй JT (Japan Tobacco) у знак добрых сяброўскіх стасункаў Японіі і Беларусі. Прымаючым бокам выступіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Яшчэ 30 саджанцаў будуць перададзеныя ў дар Парку высокіх тэхналогій. Падтрымку праекту аказала ЗТАА «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі» (Беларусь), якое з'яўляецца адной з кампаній міжнароднага падраздзялення JT — кампаніі JTI (Japan Tobacco International), а таксама амбасада Японіі ў Беларусі.

Падчас цырымоніі будзе ўсталяваны памятны знак алеі сакуры. Выступ грамадскага аб'яднання ўсходняй культуры і традыцый «Хагакурэ» пазнаёміць гасцей з культурнымі традыцыямі Японіі, звязанымі з сакурай.

Сакура (вішня) лічыцца адным з галоўных сімвалаў Японіі і заўсёды займала асаблівае месца ва ўспрыманні японцаў прыроды і навакольнага свету. Спрадвеку любаванне красаваннем сакуры, якое на японскай называецца «ханамі», з'яўлялася найважнейшым вясновым мерапрыемствам у Японіі. Нядоўгае красаванне сакуры звязваюць з недаўгавечнасцю і эфемернасцю ўсяго жывога, у якім японцы знаходзяць адмысловую прыгажосць і каштоўнасць.

Пасадка дрэў сакуры за межамі Японіі часта выкарыстоўваецца ў якасці добрага сімвала дружбы з замежнымі краінамі. Да прыкладу, вельмі вядомай з'яўляецца сакура, пасаджаная больш за сто гадоў таму на беразе ракі Патамак ў Вашынгтоне (ЗША), дзе кожны год праводзяць фестываль сакуры. У Беларусі пасадка сакуры праводзіцца ўжо не ў першы раз, але гэта будзе самая значная па колькасці дрэў акцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?