Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» сёньня выступіла з асуджэньнем уціску недзяржаўнага штотыднёвіка «Газета Слонімская» — адзінай недзяржаўнай газэты ў гарадзенскім рэгіёне.

«Мы зноў выказваем занепакоенасьць наступам на нешматлікія незалежныя мэдыі ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве «Рэпарцёраў». «Улады робяць усё магчымае, каб перашкодзіць ім працаваць у апошнія месяцы перад парлямэнцкімі выбарамі», — лічыць арганізацыя.

«Рэпарцёры» нагадваюць, што да 1 чэрвеня 2008 году газэту змушаюць пакінуць займанае памяшканьне, рэдакцыі пагражае скасаваньне ліцэнзіі на раздробны гандаль, а галоўнага рэдактара Віктара Валадашчука якраз у напружаны для рэдакцыі час забіраюць на вайсковыя зборы.

«Адміністратыўны ўціск, уключаючы неапраўданае прымяненьне некаторых норм заканадаўства, зьяўляецца ўлюбёным спосабам уладаў змусіць замаўчаць незалежную прэсу ў Беларусі», — рэзюмуюць «Рэпарцёры бязь межаў».

Прэс‑служба ГА «БАЖ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0