Некалькі гадоў назад Сяргей Гудзілін фотарэпартажам «Меню для продкаў» шакаваў значную частку чытачоў «НН». Сяргей з’ездзіў на Радаўніцу на адны з могілак Барысава ды зняў, як людзі ядуць з магіл.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Колькі было абураных каментароў: «Дзікунства!», «Ганьба», «Брыдка», «Сорамна за фатографа». Мабыць, сапраўды жыхара поўдня Беларусі такое відовішча можа шакаваць.
Я пасля гэтай публікацыі яшчэ спытаўся ў сваёй бабы, ці заўсёды існавала гэтая традыцыя, ці не праява яна новага часу. Не, кажа баба, колькі сябе помню, так было. Баба нарадзілася ў Бярэзінскім раёне, большую частку жыцця пражыла на Барысаўшчыне.
На Радаўніцу абавязкова накрывалі магілу абрусам, застаўлялі яго няцотнай колькасцю страваў. Радаўніца — гэта той дзень, калі жывыя прыходзяць у госці да нябожчыка. На Дзяды наадварот: нябожчыкі прыходзяць да жывых. І на Радаўніцу, і на Дзяды важным з’яўляецца сумесны з памерлымі стол, за якім можна абмеркаваць навіны, падзяліцца радасцю і горам.
«Сумеснае сталаванне жывых і памерлых — водгулле паганскай трызны. І тая кропля гарэлкі, і мядовая сыта, і кавалак пірага — гэта матэрыяльнае ўвасабленне вельмі даўняй ідэі патрэбы духоўнага кантакту. Ежа — гэта матэрыяльны знак яднання», — пісала культуролаг Таццяна Валодзіна.
Так, абавязкова некалькі кропель гарэлкі ліліся проста ў зямлю. А яшчэ перад тым, як засцяліць могілкі абрусамі (засцілаюцца могілкі ўсіх сваякоў), а не толькі тая за якой ядуць, па магільнай зямлі качаецца пафарбаванае яйка. Потым гэтае яйка трэба пакаштаваць першым.
Кажаце, што дзікунства. Раскажыце маёй 80-гадовай бабе, што гэта дзікунства. Раскажыце яе продкам, якія рабілі гэтак сама.
Выглядае, што гэтай традыцыі звыш тысячы гадоў. Існуе версія, што такая традыцыя амаль цалкам супадае з колішнім арэалам рассялення крывічоў. Таму яна бытуе на Міншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне. А вось на той жа Гомельшчыне, здаецца, традыцыя есці з магіл не так развітая. На Гродзеншчыне і Брэстчыне такога няма зусім.
Варта прызнаць, што часам традыцыя есці з могілак на Радаўніцу ператвараецца ў ганьбішча, калі людзі напіваюцца, спяць проста на магілах. Такіх, на жаль, таксама не бракуе. Але п’янства – гэта агульная бяда нашага часу. І не традыцыі Радаўніцы вінаватыя, што многія людзі страчваюць чалавечае аблічча.
Беларусь — вялікая краіна. У многіх рэгіёнах свае непараўнальныя традыцыі і звычкі. Калі нечага не рабілі ў вашым рэгіёне, то гэта не значыць, што такой з’явы не існуе і не існавала ніколі. Заставайцеся больш цярпімымі адзін да аднаго, не спрабуйце ўсіх прыраўняць у адны шэрагі, у нашай разнастайнасці — сіла.